Беларуская Служба

Рада грашовай палітыкі пакінула працэнтныя стаўкі без змены

12.12.2022 17:31
Базавая працэнтная стаўка Нацыянальнага банку Польшчы па-ранейшаму складае 6,75 працэнта.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Працэнтныя стаўкі ў Польшчы застаюцца на цяперашнім узроўні. Такое рашэнне на мінулым тыдні прыняла Рада грашовай палітыкі. Галоўная эканамістка Паштовага банку Моніка Куртэк (Monika Kurtek) заявіла, што рашэнне захаваць працэнтныя стаўкі на цяперашнім узроўні было вынікам, між іншым, зніжэння інфляцыі ў лістападзе.

Эканамістка дадала, што члены Рады раней заяўлялі, што хочуць паназіраць за тым, як уплываюць на эканоміку папярэднія падвышэнні працэнтных ставак:

- Рада грашовай палітыкі назірае. Ейныя члены ведаюць, што інфляцыя можа яшчэ расці, асабліва на пачатку наступнага года. Тым не менш, яна дала выразна зразумець, што цягам бліжэйшых месяцаў будзе назіраць за сітуацыяй, аналізаваць і чакаць пакуль інфляцыя пачне запавольваць.

Моніка Куртэк мяркуе, што на наступных сустрэчах працэнтныя стаўкі, верагодна, таксама не зменяцца:

- У лістападзе Рада грашовай палітыкі падчас найноўшай праекцыі інфляцыі і ВУП заявіла, што прыпыняе абвастрэнне грашовай палітыкі. Гэты перапынак будзе працягвацца некалькі месяцаў. Нават ведаючы пра тое, што з пачаткам года інфляцыя пачне павышацца Рада хоча праверыць, якога ўзроўню яна дасягне і чакае запаволення росту інфляцыі з другога квартала будучага года.

Рашэнне Рады грашовай палітыкі азначае, што базавая працэнтная стаўка Нацыянальнага банку Польшчы па-ранейшаму складае 6,75 працэнта.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі