Беларуская Служба

У лістападзе сярэдняя зарплата склала 6857,96 злотых ($1558)

20.12.2022 13:03
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне зазначыла, што ў даследаванне «не ўключаны ўстановы дзяржаўнага кіравання, установы адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай дапамогі».
Аўдыё
  • Сярэдняя зарплата на прадпрыемствах у Польшчы склала 6857,96 злотых; Хутка павялічваюцца пастаўкі сырой нафты ў Польшчу марскім шляхам; Сёлета палякі выдаткуюць на святы ў сярэднім 270 еўра
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnePixabay

У Польшчы ў лістападзе сярэдняя зарплата ў сектары прадпрыемстваў, у якіх працуе больш за 9 чалавек, склала 6857,96 злотых ($1558) перад выплатай падаткаў, паведаміла Галоўнае статыстычнае ўпраўленне GUS.

Гэта азначае рост на 13,9 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Занятасць у сектары прадпрыемстваў павялічылася на 2,3 працэнта ў гадавым вылічэнні і склала больш за 6,5 мільёна штатаў.

Галоўнае статыстычнае ўпраўленне зазначыла, што ў даследаванне «не ўключаны ўстановы дзяржаўнага кіравання, установы адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай дапамогі».

Себасцьян Сайнуг (Sebastian Sajnóg) з Польскага эканамічнага інстытута сказаў, што павышэнне заробкаў звязана ў тым ліку з выплатай прэмій.

– Сума павышэння значна адрозніваецца ў залежнасці ад галіны. Хутчэй за ўсё заробкі растуць у горназдабыўной прамысловасці – 36% і транспарце – 25%. Безумоўна, цяжэй атрымаць павышэнне ў сферы паслуг. Даследаванне месячнага індэкса бізнес-клімату паказвае, што значная частка прадпрымальнікаў мае намер павялічыць заробкі, але гэта звязана з павышэннем мінімальнай зарплаты з пачаткам новага года.

Галоўнае статыстычнае ўпраўленне ўдакладніла, што рост сярэдняга заробку ў лістападзе абумоўлены, выплатамі рознага віду прэмій: квартальнай, з нагоды Раства, прэміі з нагоды Дня шахцёра, у тым ліку гадавыя прэміі, а таксама выплаты ў сувязі з інфляцыяй і разлікам заработнай платы за звышурочную працу, якія таксама ўключаюцца ў кампаненты зарплаты.

Паводле GUS, у секцыі «Распрацоўка карысных выкапняў» заробкі выраслі на 64%  да 14 тысяч злотых ($3180) з 8,5 тысячы злотых ($2 тыс.) месяцам раней. Акрамя таго, прыкметны рост закрануў сектар «Вытворчасць і забеспячэнне электрычнасцю, газам, парай і гарачай вадой» – на 15,6 працэнта, дзе заробкі павялічыліся ў параўнанні з мінулым месяцам з 9 тыс. злотых ($2045) да 10 тыс. злотых ($2270).

У Польскім эканамічным інстытуце зазначылі, што хоць заробкі растуць на 13,9 працэнта, »гэта на 3,5 працэнтных пункта павольней за інфляцыю«. «У выніку сярэдні заробак дазваляе купляць усё менш і менш. Гэтая тэндэнцыя захаваецца большую частку 2023 года. Толькі ў чацвёртым квартале заробкі пачнуць расці тэмпамі, блізкімі да інфляцыі», – прагназуюць аналітыкі.

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі