Індэкс прамысловай актыўнасці (анг. Purchasing Managers’ Index, PMI) для польскай прамысловасці вырас у снежні з больш як 43 да амаль 46 балаў, паведамляе Польскі эканамічны інстытут. Гэта вышэй за рынкавыя прагнозы. Аналагічная тэндэнцыя назіраецца і ў найбуйнейшых эканоміках Еўрасаюза.
Па дадзеных S&P Global Market Intelligence – установы, якая вызначае індэкс PMI, зафіксаваны самы высокі ўзровень з траўня. Паводле аналітыкаў, гэта азначае, што снежаньскія тэмпы зніжэння былі больш мяккімі, чым фіксаваныя ў лістападзе, а павелічэнне інфляцыйных выдаткаў прыкметна меншае.
У справаздачы аб польскім прамысловым сектары таксама гаворыцца, што нягледзячы на высокую інфляцыю, вытворчыя выдаткі раслі самымі нізкімі тэмпамі за апошнія два з паловай гады. Аналагічная тэндэнцыя назіралася і па коштах на гатовую прадукцыю.
Паводле часткі аналітыкаў, гэта дае надзею на тое, што найбольшы эканамічны спад ужо адбыўся.
Індэкс прамысловай актыўнасці вызначаецца на аснове ананімных апытанняў, праведзеных сярод кіраўніцтва прамысловых кампаній. Калі ён перавышае 50 балаў, гэта азначае, што настроі ў прамысловасці аптымістычныя. Індэкс ніжэй за 50 балаў азначае пагаршэнне настрояў.
IAR/аз