Ужо амаль 4 мільёны спажыўцоў электраэнергіі ў Польшчы карыстаюцца разумнымі лічыльнікамі энергіі. Пра гэта паведаміў намеснік міністра клімату і навакольнага асяроддзя падчас другой канферэнцыі ў Варшаве «Разумна ў энергетыцы. Падтрымка пабудовы разумнай энергетычнай сеткі ў Польшчы». Пётр Дзядзё(Piotr Dziadzio) падкрэсліў, што разумныя энергетычныя сеткі выгадныя як спажыўцам, так і вытворцам электраэнергіі:
- Спажыўцы атрымаюць доступ да інфармацыі пра тое, якім чынам яны выкарыстоўваюць электраэнергію. Гэта дазволіць ім выкарыстоўваць яе больш эфектыўна і ашчадна. У сваю чаргу кампаніі, якія пастаўляюць электраэнергію змогуць лягчэй кіраваць попытам і прапановай.
Кошт укаранення сістэмы разумных лічыльнікаў энергіі складзе каля 7 мільярдаў злотых, а карысць для эканомікі ацэньваецца прыкладна ў 11 мільярдаў злотых. Пётр Дзядзё падкрэслівае, што спажыўцы не будуць плаціць за ўсталяванне новых лічыльнікаў.
Урад плануе, што да 2028 года разумнымі лічыльнікамі электраэнергіі будзе карыстацца каля 80 працэнтаў спажыўцоў у Польшчы.
IAR/аз