Беларуская Служба

Польскі ўрад выдзяліў сродкі на сацыяльнае будаўніцтва

14.02.2023 17:39
Такім чынам колькасць сацыяльнага жытла ў краіне павялічыцца на 573 кватэры для малазабяспечаных семʼяў і 80 месцаў у прытулках для бяздомных.
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjneShutterstock

Урад Польшчы выдзяляе сёлета 1 мільярд 650 мільёнаў злотых на новае сацыяльнае жытло. У Польшчы яно называецца mieszkania komunalne. Міністэрства развіцця і тэхналогіі пачало ўжо размеркаванне гэтых сродкаў. Першыя дамовы паміж міністэрствам і муніцыпалітэтамі былі падпісаныя агулам на суму больш за 114 мільёнаў злотых, – сказаў кіраўнік міністэрства Вальдэмар Буда. У бліжэйшы час будуць падпісаны і іншыя кантракты.

«Грошы прызначаюцца на рамонт існуючых будынкаў з сацыяльнымі кватэрамі, на рамонт пустуючых будынкаў, у якіх будуць сацыяльныя кватэры і на будаўніцтва новых аб'ектаў. Плануецца, што такім чынам колькасць сацыяльнага жытла ў краіне павялічыцца на 573 новыя або цалкам адрамантаваныя кватэры для малазабяспечаных семʼяў і 80 месцаў у прытулках для бяздомных», – сказаў міністр Вальдэмар Буда.

- Ад 2021 году мы надалі тэмпы будаўніцтву сацыяльнага жытла. Дзяржава змяніла законы і дакладае муніцыпалітэтам 80 адсоткаў коштаў сацыяльнага будаўніцтва. Раней – гэта было толькі 30% і знайсці астатнія патрэбныя сродкі было вельмі складана.

Міністр развіцця і тэхналогіі перакананы, што муніцыпалітэты цяпер пастараюцца як мага хутка падрыхтаваць планы гэтых інвестыцыяў.

Гэта ўжо чарговы праект, які распачынае ўрад «Права і справядлівасць».

Раней быў праект «Кватэра плюс» у рамках якога павінна было паўстаць 100 тысяч танных новых кватэр. Ад рэалізацыі праекту хочацца чакаць большага, бо паводле справаздачы Вышэйшай кантрольнай палаты «рэалізацыя ўрадавай праграмы «Кватэра плюс» не прынесла чаканых вынікаў, а значыць, істотна не палепшыла ўмовы і не вырашыла жыллёвых праблем насельніцтва. Урад заяўляў, што да канца 2019 года пабудуе 100 тысяч кватэр, але ўведзена ў карыстанне крыху больш за 15 тысяч кватэр, 20,5 тысячы кватэр на канец кастрычніка 2021 знаходзілася ў стадыі будаўніцтва».

Паводле жыхароў заселеных кватэр з гэтага праекту, камунальныя аплаты не настолькі танныя як чакалася, да таго ж стандарт выканання не самы высокі і не задавальняючы.

Нядаўна ўрад абʼявіў праграму «Першая кватэра» і абяцаў удзельнікам праекту даплачваць да крэдытаў на працягу 10 гадоў.

яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі