Польскі рынак паліва ў 2022 годзе вырас на 4 працэнты ў параўнанні з папярэднім годам. Пра гэта сведчаць папярэднія ацэнкі Польскай арганізацыі нафтавай прамысловасці і гандлю. Спажыванне бензіну ў краіне вырасла амаль на 6 працэнтаў, дызельнага паліва – на 3 працэнты, а звадкаванага газу – на 6-7 працэнтаў, сказаў дырэктар па аналізе рынку ў згаданай арганізацыі Кшыштаф Раманюк(Krzysztof Romaniuk):
- Агулам гэта складаецца на згаданыя 4 працэнты, калі гаворка ідзе пра транспартнае паліва. Калі гаворка ідзе пра іншыя віды паліва, то вельмі добра прадавалася паліва Jet для самалётаў. Гаворка ідзе, як пра рост вытворчасці, так і продажу, які вырас на больш за 50 працэнтаў. Бачна, што рынак авіятранспарту развіваецца. Крыху горш сітуацыя выглядала ў выпадку абодвух відаў мазуту.
Кшыштаф Раманюк дадаў, што большаму спажыванню паліва ў 2022 годзе спрыяла некалькі фактараў:
- Справа не толькі ў тым, што нашая эканоміка патрабавала больш паліва і палякі ездзілі больш. На згаданую сітуацыю паўплывала таксама вайна і дапамога Украіне. Апрача таго, польскі рынак пашырыўся на мільён аўтамабіляў украінскіх уцекачоў, якія таксама запраўляюцца на нашых бензакалонках.
Поўныя дадзеныя аб сітуацыі на польскім паліўным рынку ў 2022 годзе будуць апублікаваныя ў канцы сакавіка.
IAR/аз