812 тысяч грамадзян у пенсійным узросце ў Польшчы атрымліваюць пенсію і адначасова працуюць. Усё больш палякаў вырашаюць працягнуць працу пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, канстатаваў Прэзідэнцкі Савет па пытаннях сям'і, адукацыі і выхавання. Нагадваем, у выніку пенсійнай рэформы 2017 года, пенсійны ўзрост для жанчын быў зніжаны да 60 гадоў, а для мужчын – да 65 гадоў.
Міністр па справах сям’і і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг(Marlena Maląg) лічыць, што пенсійная рэформа дала палякам выбар. Людзі, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, могуць выходзіць на пенсію, але неабавязкова:
- Мы ствараем сістэму ільготаў, якая заахвочвае пенсіянераў працаваць. Гаворка ідзе, між іншым, пра падаткавыя змены, паводле якіх, да сумы даходаў 85 тысяч плюс сума вызваленая ад падатку, падаходны падатак не налічваецца.
У сваю чаргу еўрадэпутатка Эльжбета Рафальска(Elżbieta Rafalska) пераконвае, што пенсійная рэформа дазваляе палякам вызначыцца са сваёй прафесійнай будучыняй:
- Паводле дадзеных Упраўлення сацыяльнага страхавання 812 тысяч пенсіянераў атрымлівае пенсію і дадаткова працуе. Сярэдняя па ўзросце для гэтай групы складае 66,9 года. Гэта паказвае, што калі б пенсійны ўзрост надалей складаў 67 гадоў, то на самой справе ў Польшчы не было б ужо каму працаваць.
Нагадваем, Прэзідэнцкі Савет па пытаннях сямʼі, адукацыі і выхавання дзейнічае ў рамках Нацыянальнага савета па развіцці.
IAR/аз