Беларуская Служба

У польскіх муніцыпалітэтах назіраюцца праблемы з лішкамі вугалю

28.02.2023 15:22
Муніцыпалітэты куплялі вугаль у дзяржаўных прадпрыемстваў па 2 тысячы злотых і прадавалі яго насельніцтву з нейкай нацэнкай.
Здымак мае ілюстрацыйны характарTwitter/PGG

Урад рыхтуе падтрымку мясцовым органам улады па пазбаўленні ад лішкаў вугалю

У жніўні-верасні мінулага году вугаль у Польшчы каштаваў 3 тыс. злотых за тону. І тады ўрад падрыхтаваў праграму паставак вугалю палякам з субсідыяй, зыходзячы з таго, што сыравіна будзе дэфіцытнай. Мясцовыя органы ўлады былі абавязаны заняцца размеркаваннем вугалю сярод насельніцтва.

Аднак з-за цёплай зімы попыт не быў настолькі вялікі як чакалася. А і на сусветных біржах цана вугалю моцна панізілася.

І цяпер муніцыпалітэты засталіся з вугалем, на які няма пакупнікоў.

Намеснік міністра дзяржаўнай маёмасці Караль Рабэнда (Karol Robenda) паведаміў аб падрыхтаванай падтрымцы мясцовых органаў улады, якія захочуць пазбавіцца ад лішкаў вугалю.

Караль Рабэнда паведаміў, што муніцыпалітэты змогуць выкарыстоўваць лішкі вугалю для ўласных патрэбаў, а таксама прадаваць яго:

- Мы ўводзім магчымасць продажу вугалю органамі мясцовага кіравання. Дадзены муніцыпалітэт зможа прадаць вугаль іншаму муніцыпалітэту ў рэгіёне, які яго выкарыстае на ўласныя патрэбы. На працягу некалькіх тыдняў мы будзем звязвацца з паасобнымі муніцыпальнымі адзінкамі і будзем ім паведамляць пра такую магчымасць.

Намеснік міністра паведаміў, што таксама будзе падоўжаны тэрмін рэалізацыі вугалю:

- Па прынятых законах, продаж павінна спыніцца з канцом красавіка разам з завяршэнне ацяпляльнага сезону, аднак для вугалю, які застанецца на складах муніцыпалітэтаў, мы плануем падоўжыць тэрмін продажу да канца чэрвеня, каб усе, хто хоча запасіцца на наступную зіму, меў магчымасць гэта зрабіць.

У сувязі з тым, што вугаль у мінулым годзе каштаваў вельмі дорага, дзяржава давала грамадзянам 3 тысячы злотых субсідый на закупку сыравіны тым, хто заявіў, што такім чынам ацяпляе сваё жытло.

Муніцыпалітэты куплялі вугаль у дзяржаўных прадпрыемстваў па 2 тысячы злотых і прадавалі яго насельніцтву з нейкай нацэнкай.

Цяпер вугаль прадаецца па 1500-2000 тысячы злотых тона.

Зніжэнне коштаў вугалю ў Польшчы з'яўляецца вынікам зніжэння яго кошту на сусветных рынках. У чэрвені вугаль каштаваў 380 долараў за тону, цяпер крыху больш за $141. Патаннеў і долар, што дадаткова паспрыяла зніжэнню коштаў.

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі