Беларуская Служба

Польшча прыцягвае IT-спецыялістаў з Беларусі праз праграму Poland.Business Harbour

29.04.2023 15:45
Да канца сакавіка г.г. амаль 93% візавых запрашэнняў у рамках праграмы Poland.Business Harbour атрымалі спецыялісты і прадпрыемствы з Беларусі па просьбе польскіх працадаўцаў.
Poland.Business Harbour
Poland.Business Harbourgov.pl

Ужо 74 тысячы замежнікаў застаюцца ў Польшчы з візай у рамках праграмы, якая дапамагае Польшчы стаць сусветным IT-цэнтрам.

– Дзясяткі тысяч спецыялістаў, якія прыязджаюць у Польшчу, павялічваюць нашую значнасць на сусветным ІТ-рынку. Польшча, асабліва пасля ўварвання Расіі ва Украіну, стала дамінуючым ІТ-цэнтрам у рэгіёне. Усё большая колькасць спецыялістаў, якія працуюць у Польшчы, толькі ўмацоўвае гэтую пазіцыю, – сказаў газеце Rzeczpospolita Конрад Вайскэ (Konrad Weiske), прэзідэнт біржавай кампаніі Spyrosoft і віцэ-прэзідэнт Арганізацыі працадаўцаў IT Services SoDA, каментуючы апошнія дадзеныя аб выніках праграмы Poland.Business Harbour.

Запушчаная ўвосень 2020 года дзяржаўная праграма, закліканая заахвоціць спецыялістаў і тэхналагічныя кампаніі з-за ўсходняй мяжы пераехаць у Польшчу, да канца сакавіка гэтага года прыцягнула больш за 74,2 тыс. ІТ-спецыялістаў з сем'ямі.

– Большасць з іх – беларусы, да якіх першапачаткова і была адрасавана праграма Poland.Business Harbour, – узгадвае Марыя Майхэрэк (Maria Majcherek), эксперт Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю (PAIH – па-польску), якое каардынуе праграму. Яна адзначае, што з верасня 2022 года праграма была пашырана на ўвесь свет для задавальнення патрэб кампаній, якія рэалізуюць у Польшчы буйныя інвестыцыйныя праекты ў сферы новых тэхналогій і патрабуюць спецыялістаў высокага класа.

Паводле даных Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю, да канца сакавіка г.г. амаль 93% візавых запрашэнняў у рамках праграмы Poland.Business Harbour атрымалі спецыялісты і прадпрыемствы з Беларусі па просьбе польскіх працадаўцаў. Некаторыя заявы на візы гэтай праграмы былі таксама аформленыя ў рамках пераезду цэлых кампаній з Беларусі. Да канца сакавіка агенцтва займалася 122 такімі праектамі.

Пасярэдніцтвам праграмы Poland.Business Harbour і наборам спецыялістаў ужо скарысталася амаль 700 фірмаў у Польшчы, у асноўным кампаніі з сектара ІТ-паслуг.

яс