Беларуская Служба

Мінфін: Адмова ад расійскай нафты і газу атрымалася даволі паспяховай

09.05.2023 12:49
«Мы выбудоўваем незалежнасць і дыверсіфікацыю паставак асноўных энергетычных крыніц па нармальных коштах».
Аўдыё
  • Адмова ад расійскай нафты і газу атрымалася для Польшчы даволі паспяхова; Польшча ў лідарах краін ЕС з самым нізкім беспрацоўем; У Варшаве вырашылі адсочваць нават за тымі прадуктамі з Украіны, на якія не распаўсюджваецца забарона ЕС
PGNiG
PGNiGShutterstock/Grand Warszawski

Намеснік міністра фінансаў Артур Собань (Artur Soboń) ацаніў, што з пункту гледжання дзяржаўных фінансаў адмова ад расійскай сыравіны атрымалася даволі паспяховай. У эфіры Польскага радыё ён падкрэсліў, што гэта бачна па статыстыцы першага кварталу гэтага году:

- Па-першае, з дзяржаўнага пункту гледжання мы выбудоўваем незалежнасць і дыверсіфікацыю паставак асноўных энергетычных крыніц, выбудоўваем бяспеку і стабільную сітуацыю на будучыню па нармальных коштах. Цана сыравіны вяртаецца да ўзроўню, які быў да вайны ва Украіне. Па-другое, назіраецца рэкордны наплыў інвестараў і капіталу, таксама ёсць прафіцыт у замежным гандлю, што з'яўляецца пазітыўным сведчаннем аб польскіх прадпрыемствах і іх здольнасцях адаптавацца ў новых экспартных умовах.

Артур Собань дадаў, што акрамя гэтага, у Польшчы дэфіцыт пад кантролем, злоты ўмацоўваецца, а інфляцыя падае.

Паводле дадзеных Польскай нафта-газавай кампаніі PGNiG за 2021 г. (Polskie Górnictwo Naftowe i Gazownictwo), у цэлым польская здабыча забяспечвае каля 20% патрэбы краіны ў газе і толькі 4% у нафце.

Адкуль цячэ нафта ў Польшчу?

Да сярэдзіны 2022 года палова патрэб Польшчы ў нафце пакрывалася расійскай нафтай. Аднак пасля пачатку вайны ва Украіне імпарт з Расіі працягвае скарачацца. Цяпер 70% нафты, на якой працуюць польскія НПЗ паходзіць з іншых крыніц.

Другой краінай, якая пастаўляе ў Польшчу нафту, зʼяўляецца Саудаўская Аравія.

Іншыя краіны, якія забяспечваюць Польшчу нафтай гэта: Казахстан, Нігерыя, Вялікабрытанія, ЗША, Нарвегія, Ангола, Ірак.

Адкуль цячэ газ у Польшчу?

Да нядаўняга часу Польшча імпартавала газ пераважна з Расіі. Аднак з-за вайны ва Украіне новым пастаўшчыком для Польшчы стала Нарвегія, газ якой з 1 кастрычніка 2022 г. пастаўляецца па газаправодзе Baltic Pipe.

У Польшчы таксама ёсць пастаўкі газу ад суседзяў. У траўні мінулага году быў адкрыты газаправод GIPL, па якім літоўцы адпраўляюць Польшчы каля 2 млрд куб. газу ў год. Германія і Чэхія таксама адпраўляюць прыкладна па 1,5 мільярда кубаметраў.

У будучыні Польшча таксама будзе мець газ ад ЗША. З 2027 года амерыканцы павінны пастаўляць Польшчы ажно 9 мільярдаў кубаметраў газу.

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі