Трэці чыгуначны кангрэс праходзіць у Варшаве, спецыялісты абмяркоўваюць як пашыраць і паляпшаць чыгуначныя злучэнні.
Спецыялісты па чыгуначнай справе сабраліся на Нацыянальным стадыёне PGE у Варшаве. Арганізатары падкрэсліваюць, што сёлетні Кангрэс унікальны ў святле зменаў, выкліканых узброеным канфліктам ва Украіне. Мерапрыемства з'яўляецца месцам абмеркавання будучыні чыгуначнага транспарту і яго пазіцыі ў нацыянальнай і сусветнай эканоміцы.
Шмат месца надаецца шырокай інвестыцыйнай праграме, цыфравізацыі, праэкалагічным рашэнням на чыгунцы і яе дзейнасці на міжнароднай арэне, у тым ліку ў зоне Трох мораў.
Арганізатары адзначаюць, што кангрэс зʼяўляецца месцам для дыялогу паміж прадстаўнікамі свету палітыкі, бізнесу, мясцовага самакіравання, навукі і экспертамі чыгуначнай галіны.
Варта дадаць, што чыгуначная сетка ў Польшчы апошнімі гадамі становіцца ўсё шчыльней. Аднаўляюцца закрытыя шмат гадоў таму чыгуначныя маршруты.
Адзін з прыкладаў – абноўленае чыгуначнае злучэнне з Варшавы на Зэгжыньскі заліў (Zalew Zegrzyński), які паўстаў падобна і выконвае падобную ролю як Мінскае мора.
Цягнік пачне курсаваць па гэтым маршруце з 11 чэрвеня.
Мадэрнізацыя ўчастка 3,5 км каштавала 45 мільёнаў злотых ($11 млн). Уздоўж маршруту быў пабудаваны дадатковы прыпынак Wieliszew Centrum. На станцыі Zegrze Południowe былі пабудаваны дзве новыя платформы, а па маршруце пракладзены новыя рэйкі. Рух цягнікоў будзе кіравацца сучаснай сістэмай кіравання.
Намеснік міністра інфраструктуры Анджэй Бітэль сказаў, што ад новай інвестыцыі выйграюць як жыхары рэгіёну, так і жыхары Варшавы:
- Гэта інвестыцыя вельмі важная для жыхароў рэгіёну, для жыхароў Мазовіі, бо згэтуль ужо блізка на Зэгжыньскі заліў, жыхары сталіцы змогуць карыстацца прыгажосцю рэгіёну і адпачываць тут. Таксама мясцовыя жыхары змогуць такім чынам дабірацца на працу ў Варшаву.
Дарога ад станцыі Warszawa Gdańska да станцыі Zegrze Południowe зойме крыху больш за паўгадзіны. Мадэрнізацыя гэтага ўчастка прафінансавана з бюджэту Мазавецкага ваяводства і сродкаў Еўрасаюза.
яс