Беларуская Служба

У Польшчы зменшылася беспрацоўе. Гэта самы нізкі паказчык ва ўсім ЕС

27.06.2023 10:56
Узровень беспрацоўя ў Польшчы ў траўні склаў 5,1 працэнта супраць 5,2 працэнта ў красавіку, паведамляе Галоўнае статыстычнае ўпраўленне (GUS).
Здымак мае ілюстрацыйны характарGorodenkoff/Shutterstock.com

Узровень беспрацоўя ў Польшчы ў траўні склаў 5,1 працэнта супраць 5,2 працэнта ў красавіку, паведамляе Галоўнае статыстычнае ўпраўленне (GUS). Гэта самы нізкі ўзровень беспрацоўя, зафіксаваны ў маі больш чым за апошнія 30 гадоў. Сённяшнія дадзеныя цалкам адпавядаюць ранейшым ацэнкам Міністэрства сям'і і сацыяльнай палітыкі і прагнозам аналітыкаў.

Себасцьян Сайнуг (Sebastian Sajnóg) з Польскага эканамічнага інстытута патлумачыў, што зніжэнне ўзроўню беспрацоўя ў значнай ступені звязана з сезоннымі эфектамі.

- Звычайна ў цёплыя месяцы назіраецца рост занятасці, у тым ліку ў такіх сектарах як будаўніцтва, турызм і сельская гаспадарка. Дадзеныя пацвярджаюць, што сітуацыя на рынку працы стабільная. Ва ўмовах эканамічнага запаволення працадаўцы не прымаюць новых супрацоўнікаў, бачна, што зніжаецца колькасць новых абʼяваў аб працы, аднак звальненняў працадаўцы пакуль пазбягаюць.

Колькасць беспрацоўных у Польшчы, зарэгістраваных у службах занятасці, у маі склала 802,3 тыс., а месяцам раней – 821,9 тыс. чалавек.

Паводле звестак Еўрастату, беспрацоўе ў Польшчы яшчэ ніжэйшае – у Польшчы і Чэхіі ў красавіку гэтага года яно склала 2,7 працэнта супраць 6 працэнтаў у Еўрапейскім Саюзе і 6,5 працэнтаў у еўразоне.

Розніца ва ўзроўні беспрацоўя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення і Еўрастата вынікае з метадалогіі разліку паказчыка.

яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі