Беларуская Служба

Польшча вырабляе 8,5 млн тон сталі ў год

19.09.2023 13:01
Праблемы рынку сталі абмяркоўваюць эксперты падчас Еўрапейскага сталеліцейнага кангрэса Steel 2023 у Катавіцах.
M          Steel 2023
Mіністр Дзяржаўных актываў Яцэк Сасін падчас адкрыцця Еўрапейскага сталеліцейнага кангрэса Steel 2023 у КатавіцахPAP/Zbigniew Meissner

Еўрасаюз змагаецца дэфіцытам паставак сталі, хоць некалькі дзясяткаў гадоў таму ён быў сусветным лідарам у яе вытворчасці, канстатаваў міністр Дзяржаўных актываў Яцэк Сасін падчас адкрыцця Еўрапейскага сталеліцейнага кангрэса Steel 2023 у Катавіцах. Лідарам у вытворчасці сталі ў ЕС з'яўляецца Германія. У гэтай краіне штогод вырабляецца больш за 40 мільёнаў тон сталі, у Польшчы – 8,5 мільёна тон.

Яцэк Сасін(Jacek Sasin) лічыць, што Польшча павінна развіваць гэтую галіну прамысловасці:

- Зараз айчынная вытворчасць сталі задавальняе толькі крыху больш за паловы патрэбай польскага рынку. Гэта паказвае, як сыр’ёзныя выклікі стаяць перад намі. У сталеліцейнай прамысловасці ў Польшчы, якая цягам апошніх 30 гадоў скарачалася, зараз дамінуюць замежныя кампаніі.

Суб’екты з польскім капіталам складаюць, прыкладна, 10 працэнтаў рынку сталі ў Польшчы, а тыя, што належаць польскай казне – толькі 3 працэнты:

- Гэта ўскладняе дзейнасць польскай дзяржавы ў гэтай галіне, але гэта таксама не значыць, што мы не падтрымліваем прыватных кампаній, у тым ліку замежных. Мы зацікаўлены ў кожным інвестары, які дзейнічае ў гэтай галіне і вытварае сталь у Польшчы.

Яцэк Сасін дадаў, што ў сувязі з цэнамі на прыродны газ і электрычнасць, урад праводзіць, між іншым, праграму падтрымкі энергаёмістых галінаў прамысловасці.

Еўрапейскі сталеліцейны кангрэс STEEL 2023 праходзіць 18-19 верасня ў Катавіцах, што ў Сілезіі. Мерапрыемства праходзіць упершыню, а яго мэта – прэзентацыя сучасных тэхнічных і тэхналагічных рашэнняў на рынку сталі – у галіне сучаснай вытворчасці сталі і яе выкарыстання ў будаўнічых і энергетычных працэсах. Удзельнікі сустрэчы абмяркоўваюць таксама выклікі, якія стаяць перад сталеліцейнай прамысловасцю ў сувязі з энергетычнай трансфармацыяй.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі