Міністр па справах сям'і і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг (Marlena Maląg) заявіла, што ў наступным годзе мінімальны заробак будзе павышаны двойчы.
З 1 студзеня наступнага года мінімалка складзе 4 242 злотыя(926,2 еўра), а з 1 ліпеня – 4 300 злотых( 938,8 еўра). Павысіцца таксама мінімальная пагадзінная стаўка. Са студзеня яна складзе 27 злотых і 70 грошаў (6,04 еўра), а з пачатку ліпеня – 28 злотых і 10 грошаў (6,13 еўра):
- Зараз у Польшчы гістарычна нізкае беспрацоўе. Паводле «Еўрастата», Польшча – трэцяя краіна ў ЕС з найніжэйшым беспрацоўем. Паводле сусветных дадзеных – Польшча другая краіна з найніжэйшым беспрацоўем. Нагадваю паводле апошніх дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, узровень беспрацоўя ў Польшчы складае 5 працэнтаў. Без працы застаецца амаль 800 тысяч чалавек.
Кіраўнічка Міністэрства па справах сямʼі і сацыяльнай палітыкі адзначыла, што разам з мінімалкай расце і сярэдняя заработная плата, якая, паводле прагнозаў Міністэрства фінансаў, у 2027 годзе складзе амаль 10 тысяч злотых (больш за 2 183 еўра).
IAR/аз