Беларуская Служба

Ураджай яблыкаў у Польшчы будзе ніжэйшы чым афіцыйныя разлікі аналітыкаў

31.10.2023 07:01
Меншая прапанова азначае больш высокія закупачныя цэны, кажа Павел Краціньскі з Галоўнай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве.
ЯблыкіMareefe/pixabay.com/CC0 Public Domain

Паводле звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, у 2023 годзе ўраджай яблыкаў у Польшчы будзе на 7 працэнтаў меншы чым летась, але вытворцы садавіны мяркуюць, што ён будзе ніжэйшы, чым афіцыйныя прагнозы аналітыкаў.

Галоўнае статыстычнае ўпраўленне ацэньвае сёлетні ўраджай яблыкаў у Польшчы на каля 4 мільёнаў тон. Гэта азначае зніжэнне вытворчасці на 7 працэнтаў у гадавым вылічэнні. Аднак на думку садаводаў, ураджай можа быць меншы.

«Назіраючы за сітуацыяй на рынку, больш верагоднай выглядае версія вытворцаў», – кажа Павел Краціньскі(Paweł Kraciński) з Галоўнай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве.

Кошт яблыкаў, прызначаных на перапрацоўку больш чым удвая вышэйшы за леташні. Напрыклад, яблыкі, прызначаныя на сок – у залежнасці ад рэгіёна краіны – каштуюць ад 0,70 да 0,75 грошаў за кілаграм. Больш якасная садавіна, якая адпраўляецца на перапрацоўку, каштуе больш. Дэсертныя яблыкі, прызначаныя для непасрэднага спажывання, каштуюць у сярэднім 1 злоты 35 грошаў за кілаграм, то бок на 55-70 працэнтаў больш у параўнанні з мінулым годам.

Эксперт адзначыў, што хоць меншая прапанова садавіны азначае больш высокія цэны на рынку, то цяперашнія стаўкі і так «не вельмі высокія«, паколькі яны адносяцца да вельмі нізкіх леташніх ставак.

Калі гаворка ідзе пра ўраджай груш у Польшчы, то ён, паводле Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, складзе каля 80 тысяч тон, то бок больш-менш на ўзроўні мінулага года.

З моманту ўвядзення расійскага эмбарга ў 2014 годзе садаводы ў Польшчы змагаюцца са структурнымі цяжкасцямі, паколькі вытворчасць у Польшчы значна перавышае ўнутраны попыт і яна ў значнай ступені прызначаная на экспарт у свежым або перапрацаваным выглядзе. Між тым канкурэнтаздольнасць вытворчасці зніжаецца з-за сістэматычнага росту коштаў у Польшчы.

PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

За год найбольш падаражэлі харчовыя дабаўкі і бытавая хімія, а патаннелі тлушчы

19.10.2023 11:33
Агулам з 17 катэгорый тавараў, 15 сталі даражэйшымі.