Беларуская Служба

Эксперт Польскага эканамічнага інстытута: Рост зарплатаў – адна з асноўных прычын росту коштаў

14.11.2023 10:01
У чацвёртым квартале бягучага года аб планах павышэння зарплатаў заявілі 25,3 працэнта прадпрыемстваў.
Здымак мае ілюстрацыйны характарe-gabi/pixabay.com/CC0 Public Domain

На павышэнне коштаў тавараў і паслугаў зараз у большай ступені ўплывае рост зарплатаў, чым кошт матэрыялаў або энергарэсурсаў, лічыць эксперт Польскага эканамічнага інстытута Якуб Рыбацкі. У чацвёртым квартале бягучага года аб планах павышэння зарплаты заявілі 25,3 працэнта прадпрыемстваў.

Спасылаючыся на даследаванне НБП, Рыбацкі адзначыў, што 17 працэнтаў прадпрыемстваў асноўнай перашкодай для росту называюць інфляцыю, а 13 працэнтаў – павышэнне заработнай платы. У параўнанні з тыповымі эканамічнымі праблемамі менш важныя занепакоенасць зменамі заканадаўства або недахопам кадраў.

На думку эксперта Польскага эканамічнага інстытута, маштаб інфляцыі, аднак, будзе змяншацца, таму што доля прадпрыемстваў, якія плануюць далейшае павышэнне зарплатаў, павольна зніжаецца.

Відавочнай прычынай гэтага з'яўляецца недастатковы попыт. Аднак доўгатэрміновыя прагнозы прадпрыемстваў лепшыя ў параўнанні з цяперашнімі ацэнкамі, што, неўзабаве можа адлюстроўвацца ў дадзеных.

PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі