Беларуская Служба

Карканошскі нацыянальны парк атрымае 3 мільёны злотых на мадэрнізацыю супрацьпажарнай аховы

28.11.2023 11:05
Змены клімату ў апошнія гады прывялі да павелічэння рызыкі пажараў, у тым ліку, на тэрыторыі паркаў у Польшчы.
  a
Турбаза на ШрaніцыAutorstwa Wiktor Baron - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=18917633

Карканошскі нацыянальны парк атрымае ад Нацыянальнага фонду аховы навакольнага асяроддзя і воднай гаспадаркі амаль 3 мільёны злотых(амаль 690 тысяч еўра) на мадэрнізацыю і пашырэнне сістэмы супрацьпажарнай аховы. Пагадненне па гэтай справе было падпісанае ў сядзібе фонду ў Варшаве.

Дырэктар Карканошскага нацыянальнага парку Анджэй Рай (Andrzej Raj) падкрэсліў, што за  атрыманыя сродкі парк зможа пабудаваць супрацьпажарныя рэзервуары і набыць адпаведнае абсталяванне:

- Мы плануем, між іншым, купіць лёгкія транспартныя сродкі, якія дазволяць нам рухацца ў складаных горных умовах і транспартаваць адпаведнае абсталяванне. Нагадваю цяжкая пажарная тэхніка не заўсёды даедзе на месца пажару.

Сродкі былі выдзеленыя з бюджэту ў 65 мільёнаў злотых (амаль 15 мільёнаў еўра), прызначанага для нацыянальных паркаў менавіта на супрацьпажарную ахову.

Нагадваем, найбуйнейшы за апошнія гады пажар на мяжы Карканошскага нацыянальнага парку ўспыхнуў у лістападзе 2018 годa на чэшскім баку Карканошаў. Ён пашырыўся на польскі бок, дзе згарэла 20 гектараў прыродных тэрыторый.

Горы Карканошы ўваходзяць у Сусветную сетку біясферных запаведнікаў ЮНЕСКА і ахоўваюцца двума паркамі – адным на тэрыторыі Польшчы і адным на тэрыторыі Чэхіі.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі