Беларуская Служба

Польшча эфектыўна прыцягвае прамыя замежныя інвестыцыі

09.01.2024 08:45
Паводле Польскага эканамічнага інстытута, замежныя інвестыцыі ў Польшчы ў 2023 годзе дасягнулі 3,9 працэнта ВУП.
ЕўраMabelAmber/pixabay.com/CC0 Public Domain

У 2023 годзе маштаб замежных інвестыцый у Польшчы, хутчэй за ўсё, вырас да 3,9 працэнта ВУП. Станоўчыя вынікі ў гэтай сферы павінны фіксавацца таксама ў 2024 годзе, ацэньваюць эксперты Польскага эканамічнага інстытута.

Паводле звестак Нацыянальнага банка Польшчы аб плацежным балансе, за першыя 10 месяцаў 2023 года ў Польшчу паступілі прамыя замежныя інвестыцыі на 113 мільярдаў злотых (амаль 26 мільярдаў еўра). Дадзеных за лістапад і снежань пакуль няма, але, як адзначаюць эксперты Польскага эканамічнага інстытута, захаванне цяперашняй тэндэнцыі сведчыць аб тым, што кошт прамых замежных інвестыцый за ўвесь мінулы год складзе прыкладна 133 мільярды злотых (больш за 30,5 мільярда еўра).

«Такі вынік будзе азначаць прыток замежных інвестыцый у памеры 3,9 працэнта ВУП«, – падкрэслілі эксперты.

Спасылаючыся на дадзеныя Канферэнцыі ААН па гандлі і развіцці (ЮНКТАД), аналітыкі падкрэсліваюць, што ў 2020-2022 гадах прыток прамых замежных інвестыцый у Польшчу склаў прыкладна 3,7 працэнта ВУП. Гэта больш, чым у большасці краін рэгіёна, такіх як Чэхія (3,5 працэнта), Румынія (3,0 працэнты) або Славакія (0,1 працэнта).

Польшчу апярэдзіла Венгрыя з вынікам 4,6 працэнта ВУП, у асноўным з-за актыўнага прыцягнення кітайскіх інвестыцый у сферу электрамабільнасці.

Польскі эканамічны інстытут – грамадскі аналітычны цэнтр, які рыхтуе справаздачы, аналізы і рэкамендацыі адносна ключавых галін эканомікі і грамадскага жыцця ў Польшчы.

PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі