Беларуская Служба

Летась Беларусы заснавалі ў Польшчы 1700 бізнесаў

24.02.2024 11:11
За мінулы год іншаземцы са 106 краін зарэгістравалі свае прадпрыемсты ў Польшчы. Беларусы на другім месцы.
         .
Беларускі бізнэсовец у Варшаве спадар Алесь у рэстарацыі «Каралеўская кава».Фота: БСПР/нг

У 2023 г. іншаземцы заснавалі ў Польшчы 12,8 тыс. прадпрыемстваў, на 11% больш чым годам раней. Найбольш - украінцы, беларусы і немцы, піша ў выданні Puls Biznesu Яраслаў Круляк.

Яшчэ ніколі замежнікі не адчынілі столькі кампаній як летась. Гэта пацвярджае, што яны адчуваюць сябе ў Польшчы бяспечна і спадзяюцца развіваць прыбытковы бізнес.

У Польшчу прываблівае моцнае развіццё польскай эканомікі.

Украінцы найчасцей адкрываюць транспартныя, будаўнічыя і ІТ-прадпрыемствы.

Грамадзяне заходніх краін размяшчаюць свае фірмы ў Польшчы, бо тут кампетэнтныя работнікі, адзначае Яраслаў Навротэк, старшыня Цэнтра эканамічнай інфармацыі (Centralny Ośrodek Informacji Gospodarczej).

Прадстаўнікі якіх нацый адкрывалі свае фірмы ў Польшчы ў 2023 г.

За мінулы год іншаземцы са 106 краін зарэгістравалі свае прадпрыемсты ў Польшчы. Як і ў мінулыя гады ў лідарах знаходзяцца ўкраінцы, якія заснавалі 3,8 тысячы прадпрыемстваў. На другім месцы беларусы – 1700, на трэцім немцы – 505 прадпрыемстваў. На чарговых месцах туркі – 446, кітайцы - 382, брытанцы - 305, індусы 279, – грузіны – 262, ліцвіны – 207 і в'етнамцы – 205.

Палова прадпрыемстваў адчынілася ў Мазовіі, на другім месцы Ніжняя Сілезія - 8% усіх зарэгістраваных, на трэцім – 6,8% - Малапольскае ваяводства разам з Кракавам. Замежнікі праяўлялі найменшую зацікаўленасць да найбяднейшых ваяводстваў – Свентакшыскага і Вармінска-мазурскага – толькі 0,5% у кожным ваяводстве.

Якія гарады найбольш упадабалі замежныя бізнесоўцы 

Найбольш прывабнай для замежных бізнесоўцаў зʼяўляецца Варшава, у якой яны зарэгістравалі 5,5 тыс. прадпрыемстваў. На чарговых месцах Уроцлаў - 869, Кракаў - 756, Познань – 615, Гданьск - 390 і Беласток – 269.

Калі разглядаць юрыдычны статус, то замежнікі амаль выключна рэгіструюць суполкі з абмежаванай адказнасцю – 96% усіх зарэгістраваных. А калі казаць пра галіны, то чвэрць адкрыла гандлёвую дзейнасць – 3,3 тыс., у будаўнічым сектары – 1,7 тыс. і ў транспартнай галіне 1,2 тыс.

яс