Беларуская Служба

На працягу двух месяцаў Польшча атрымае разблакаваныя Еўракамісіяй грошы

27.02.2024 15:19
Еўракамісія раней заблакавала выплату сродкаў для Польшчы, бо папярэдні ўрад не трымаўся прынцыпаў вяршэнства права.
Аўдыё
  • На працягу двух месяцаў Польшча атрымае разблакаваныя Еўракамісіяй грошы; Не дастатковае фінансаванне мытных службаў – адна з прычынаў пратэстаў аграрыяў у Польшчы; Варшава стварае разумную сістэму вулічнага асвятлення
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:PublicDomainPictures/pixabay.com/CC0 Public Domain


Першыя грошы з разблакаваных еўрапейскіх фондаў паступяць у Польшчу на працягу двух месяцаў, паведаміў намеснік міністра фінансаў і рэгіянальнай палітыкі Ян Шышка (Jan Szyszko). Еўракамісія заблакавала выплату сродкаў для Польшчы, бо папярэдні ўрад не трымаўся прынцыпаў вяршэнства права.

Прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, якая тыдзень таму наведала Варшаву, заявіла, што на гэтым тыдні Еўракамісія разблакуе Польшчы 137 млрд еўра, паведаміў Ян Шышка.

- Калегія камісараў спачатку мусіць фармальна падтрымаць гэтае рашэнне. Мы чакаем, што на працягу двух месяцаў Польшча атрымае грошы на аснове першай заявы, якую мы падалі ў Нацыянальны план адбудовы. Гэта 6,3 млрд еўра, то бок 27 млрд злотых.

Таксама Ян Шышка распавёў на што пойдуць гэтыя грошы:

- Вялікая частка гэтых сродкаў паступіць на праграму «Чыстае паветра», каб заяўнікі маглі атрымаць абяцаныя грошы. Мы таксама будзем інвеставаць у транспарт, гэтыя сродкі будуць прызначацца на мадэрнізацыю чыгуначных пераездаў і лічбавізацыю транспарту.

Улады імкнуцца максімальна скараціць колькасць здарэнняў на чыгуначных пераездах. А ўрадавая праграма «Чыстае паветра» ставіць за мэту скарачэнне выкідаў у атмасферу шкодных рэчываў, якія ўзнікаюць у выніку ацяплення прыватных дамоў з выкарыстаннем састарэлых цеплакрыніц і няякаснага паліва. Праграма прадугледжвае датацыі на замену старых і неэфектыўных цеплакрыніц на сучасныя, якія адпавядаюць самым высокім стандартам, а таксама на цеплавыя помпы ці фотаэлектрыку. Праграмай «Чыстае паветра» таксама фінансуецца правядзенне спадарожных работ па цеплавой мадэрнізацыі будынкаў, такіх як замена вокнаў і дзвярэй ці тэрмаізаляцыя будынкаў.

У бліжэйшыя гады Польшча атрымае з Нацыянальнага плану адбудовы і іншых еўрапейскіх фондаў агулам амаль 600 мільярдаў злотых, паведамілі ў Міністэрстве фінансаў і рэгіянальнай палітыкі.

яс

Эфірны выпуск эканамічнай перадачы слухайце ў далучаным файле

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі