Прадстаўнікі ўрадаў Польшчы і Украіны размаўлялі пра пытанні, датычныя гандлю, у тым ліку, пра інтарэсы польскіх фермераў і перавозчыкаў. Учора ў Львове адбылося дзявятае паседжанне польска-ўкраінскай Міжурадавай камісіі па справах эканамічнага супрацоўніцтва.
Міністр развіцця і тэхналогіяў Кшыштаф Гетман(Krzysztof Hetman) паведаміў, што ў склад польскай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх міністэрстваў, адказных за эканамічнае супрацоўніцтва:
- Форум, якім з’яўляецца міжурадавая камісія – гэта дасканалае месца для абмеркавання складаных пытанняў, але таксама будучыні і далейшага супрацоўніцтва. Мы супольна вырашылі, што камісія павінна сустракацца часцей. Мы плануем таксама паклікаць новыя групы, каб пашырыць маштаб супрацоўніцтва.
Віцэ-прэм’ер Украіны, міністр па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны Ірына Верашчук заявіла, што міжурадавая камісія з’яўляецца важным элементам супрацоўніцтва Польшчы і Украіны:
- Нашая камісія – прыклад таго, што мы можам эфектыўна працаваць, дамаўляцца, абмяркоўваць складаныя пытанні, дзейнічаць на карысць нашых дзяржаў і нашых народаў.
Напярэдадні, 10 сакавіка ў прысутнасці міністра Кшыштафа Гетмана і віцэ-прэм'ера Ірыны Верашчук адбылося падпісанне пагаднення паміж Дзяржаўнай мытнай службай Украіны і польскай кампаніяй Unibep S.A. па мадэрнізацыі аўтамабільнага памежнага перахода ў Шэгынях.
IAR/аз