Улады варшаўскага аэрапорта імя Шапена заклікаюць падарожнікаў устрымацца ад жартаў пра выбухоўку. У мінулыя выходныя падчас рэгістрацыі адзін з пасажыраў сказаў, што вязе бомбу. Гэта быў нібыта жарт.
Прадстаўніца варшаўскага аэрапорту Анна Дэрмант (Anna Dermont) паведаміла, што да кожнай такой заявы службы ставяцца вельмі сур’ёзна:
- У цяперашняй міжнароднай сітуацыі пасажыры павінны з большай адказнасцю ставіцца да таго, што яны гавораць ў аэрапорце. Практыка такая, што жартаўнікі лічаць на льготнае стаўленне і абураюцца, што супрацоўнікі аэрапорта або службы аховы «не ўмеюць жартаваць». Аднак нішто не апраўдвае дзеянняў, якія ўяўляюць пагрозу бяспецы аэрапорта.
Людзі, якія вырашылі пажартаваць пра выбухоўку, могуць сутыкнуцца з фінансавымі і крымінальнымі наступствамі, папярэдзіла прэс-сакратар сталічнага аэрапорта:
- Гэта злачынства. Як нашыя супрацоўнікі, так і дзяржаўныя службы, якія працуюць у аэрапорце, дзейнічаюць на падставе і ў межах заканадаўства. У мэтах бяспекі, якая для нас з'яўляецца самым галоўным, кожнае такое паведамленне праходзіць дакладную праверку. За падобны жарт пагражае штраф, скасаванне білета на самалёт - карацей - канец падарожжа, жартаўніка выдаляць з аэрапорта. Такога чалавека могуць таксама ўнесці ў чорны спіс дадзенай авіялініі, а нават арыштаваць.
Калі з-за жарту частка аэрапорта будзе зачынена і самалёты спазняюцца, кіраўніцтва аэрапорта і перавозчыкі могуць прадʼявіць аўтару жарту фінансавыя прэтэнзіі.
яс