Беларуская Служба

Камісія Еўрапарламента ўхваліць абмежаванні ў гандлі з Украінай

09.04.2024 11:00
Праз два тыдні, на сесіі ў Страсбургу згаданае рашэнне павінен падтрымаць увесь Еўрапарламент.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.pixabay.com/Pixabay License

Еўрасаюз пагаджаецца на ўзмацненне абмежаванняў на імпарт з Украіны і ўвядзенне зменаў у пагадненне аб бязмытным гандлі, дарэчы ў адпаведнасці з патрабаваннямі Польшчы. Учора перамоўшчыкі інстытутаў ЕС дасягнулі згоды на гэты конт, якую затым ўхвалілі амбасадары краінаў-членаў. Цяпер чарга на Еўрапарламент. Сёння згаданым пытаннем будзе займацца Камісія па міжнародным гандлі ЕП. Нагадваем, супраць пагаднення аб бязмытным гандлі з Украінай у цяперашнім выглядзе пратэставалі, між іншым, польскія фермеры. Тэму працягвае карэспандэнтка Польскага Радыё Бэата Пламэцка:

- Абмежаванні на ўвоз будуць распаўсюджвацца на яйкі, цукар і мяса птушкі. У спіс былі ўнесеныя таксама кукуруза, авёс, крупы і мёд. Пры ўстанаўленні абмежаванняў будуць улічвацца не толькі апошнія два гады, але і другое паўгоддзе 2021 года. Менавіта, прадаўжэння згаданага перыяду патрабавалі Польшча і Францыя, бо гэта дазваляе ўвесці большыя абмежаванні на ўкраінскі імпарт. На фінальнай стадыі перамоваў гаворка ішла менавіта пра гэта. Калі Камісія па міжнародным гандлі ЕП дасць зялёнае святло на зацвярджэнне гэтых зменаў, то праз два тыдні, на сесіі ў Страсбургу, рашэнне павінен падтрымаць увесь Еўрапарламент. Гэта дазволіць працягнуць яшчэ на год пагадненне, якое бярэ пад увагу большыя абмежаванні на імпарт з Украіны.

Падчас перамоваў было адхілена патрабаванне Варшавы і Парыжа па ўвядзенні лімітаў таксама ў дачыненні да імпарту пшаніцы. Тым не менш, Еўракамісія абавязалася ўважліва сачыць за імпартам пшаніцы і, калі ўзнікнуць нейкія праблемы на рынках ЕС, таксама ўвесці адпаведныя абмежаванні.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі