Траціна энергіі ў Польшчы з аднаўляльных крыніц паступае з фотаэлектрычных установак – гаворыцца ў справаздачы, апублікаванай Інстытутам аднаўляльнай энергіі.
У канцы 2023 года ўстаноўленая магутнасць усіх панэляў склала амаль 18 мегават, павялічыўшыся прыкладна на 35 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года.
Кіраўнік Інстытуту аднаўляльнай энергіі Гжэгаж Вісьнеўскі сказаў, што ў мінулым годзе прырост магутнасці быў большы, чым у 2022 годзе.
– Абароты на рынку аднаўляльнай энергіі ўражваюць – амаль 16 мільярдаў злотых (4 млрд еўра) на рынку інвестыцый, 5 – 6 мільярдаў злотых (каля 1,5 млрд еўра) складаюць прыходы з продажу «зялёнай» электраэнергіі. Фотаэлектрычныя ўстаноўкі знаходзяцца ў лідарах па маштабах інвестыцый у энергетычным сектары.
У сектары фотаэлектрыкі дамінуюць мікраўстаноўкі (магутнасцю да 50 кілават), на долю якіх прыпадае больш за 60 працэнтаў рынку. У сваю чаргу буйныя фотаэлектрычныя фермы, гэта значыць устаноўкі магутнасцю больш за адзін мегават, складаюць 11 працэнтаў.
– Найхутчэй пашыраецца рынак фермаў магутнасцю больш на 1 мегават. Гэта толькі 11% рынку, аднак адзначым, што за мінулы год прыбыло 1,7 гігават, а тэмп росту складае 110%.
Інстытут аднаўляльнай энергетыкі звяртае ўвагу і на праблемы галіны. Сюды ўваходзяць: рост выдаткаў на мікраўстаноўкі, недахоп зямных участкаў для буйных інвестыцый і доўгатэрміновая выдача экалагічных рашэнняў для фотаэлектрычных ферм.
Па ўсталяванай магутнасці фотаэлектрычных установак Польшча займае 6-е месца ў Еўрасаюзе і 12-е месца ў свеце. Першыя месцы займаюць Германія, Іспанія і Італія.
яс/IAR