Беларуская Служба

Да 2030 года самы буйны пастаўшчык электраэнергіі ў Польшчы плануе адмовіцца ад вугалю

18.06.2024 13:01
У бліжэйшыя гады ў электрацеплавым сектары адбудзецца тэхналагічная рэвалюцыя.
Энергетыкаanalogicus/pixabay.com/CC0 Public Domain

Да 2030 года цеплавыя і электрастанцыі Польскай энергетычнай групы PGE – буйнейшага ў краіне пастаўшчыка электраэнергіі – плануюць адысці ад вугалю, кажа старшыня кампаніі Дарыюш Мажэц (Dariusz Marzec).

На ягоную думку, у бліжэйшыя гады ў электрацеплавым сектары адбудзецца тэхналагічная рэвалюцыя, і ўрэшце ўсе цеплавыя і электрастанцыі ў Польшчы будуць выкарыстоўваць чыстую энергію.

Дарыюш Мажэц тлумачыць, што цеплавую энергію для хатніх гаспадарак можна вырабляць з сучасных электродных катлоў, якія выкарыстоўваюць электраэнергію з ветравых электрастанцый або фотаэлектрыкі, то бок аднаўляльных крыніц.

– Яны бяруць энергію ў той перыяд, калі яе кошт самы нізкі, таму што ў сістэме назапасілася электраэнергія з аднаўляльных крыніц. Кацёл падагравае ваду танным токам і перадае яе ў вялікую ёмістасць, якая выконвае ролю акумулятара цяпла, затым гэтая вада пастаўляецца атрымальнікам.

Электродныя катлы ўжо працуюць, між іншым, на цеплаэлектрацэнтралі PGE у Гданьску. Плануюцца далейшыя інвестыцыі. На думку Дарыюша Мажэца, тэхналогію можна паспяхова выкарыстоўваць і на невялікіх прадпрыемствах.

- У невялікіх па памерах карыстальнікаў меншыя патрэбы ў магутнасці электрацеплавых сістэм. У такіх выпадках змены наводзяцца прасцей і больш хутка. Інвестыцыя каштуе менш, і прылады падбіраюцца адпаведна да запатрабаванасці на электраэнергію.

На прыкладзе Гданьска, дзякуючы электродным катлам, у 2023 годзе мясцовая ТЭЦ спаліла 1500 тон вугалю менш і скараціла выкіды CO2 амаль на 3200 тон. Гэта столькі, колькі паглынае лес плошчай у 800 гектараў.

Старшыня Польскай энергетычнай групы PGE адзначыў, што для дэкарбанізацыі цеплавой галіны ў Польшчы неабходная падтрымка дзяржавы.

«Справа ў тым, каб працэс адбываўся паступова і каб змены былі на карысць атрымальнікаў і энергетычнага сектара», сказаў Дарыюш Мажэц.

Дэкарбанізацыя моцна падтрымліваецца нарматыўна-прававымі актамі Еўрасаюза і Польшчы.

яс/IAR

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі