На гэтую тэму на мінулым тыдні ў Варшаве прэзідэнт Анджэй Дуда размаўляў з эмірам Катару шэйхам Тамімам бін Хамадам Аль Тані.
Гаворка ідзе не толькі пра далейшыя закупкі звадкаванага газу ў арабскай краіны, але і пра пашырэнне ўзаемных інвестыцыяў і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.
У траўні сустрэча адбылася ў Доха, а цяпер у Варшаве. Другая за кароткі час сустрэча лідараў Польшчы і Катара прынесла заяву пра замацаванне эканамічнага супрацоўніцтва. Для Польшчы Катар з'яўляецца найважнейшым пасля ЗША пастаўшчыком звадкаванага газу.
- Калі «Газпрам» гвалтоўна парваў газавы кантракт і спыніў пастаўкі, аказалася, што дзякуючы таму, што ў нас ёсць пастаўкі газу з Катара, то мы справіліся з сітуацыяй», – сказаў прэзідэнт Анджэй Дуда.
Польшча і Катар падпісалі таксама дамоўленасць пра навуковае супрацоўніцтва і ў галіне вышэйшай адукацыі.
Эмір Катара гаварыў пра вялікі патэнцыял эканамічнага супрацоўніцтва.
– Катарскія інвестыцыі ў Польшчы ўжо ёсць, мы хочам павялічыць іх колькасць. Мы таксама імкнемся заахвоціць польскія фірмы і канцэрны інвеставаць у нашай краіне, – казаў лідар Катара падчас візіту ў Варшаву.
Катарскія інвестары прысутнічаюць на польскім рынку нерухомасці.
Польшча заключыла пагадненні аб супрацоўніцтве з Катарам, у тым ліку ў суднабудаўнічай галіне, паведаміла Міністэрства развіцця і тэхналогій.
«Польскія прадпрыемствы могуць адыграць важную ролю, напрыклад, у сферы транспарту, будаўніцтва або кібербяспекі», – адзначыў міністр развіцця і тэхналогій Кшыштаф Пашык.
Сярод напрамкаў супрацоўніцтва з вялікім патэнцыялам таксама апынуліся галіны будучыні, уключаючы развіццё штучнага інтэлекту, – разлічваюць польскі і катарскі бакі.
яс/IAR