Хоць працадаўцы раней папярэджвалі аб звальненні з красавіка па снежань 130 тысяч супрацоўнікаў, то зараз аказваецца, што яны плануюць працаўладкаваць больш за паўмільёна новых. Паводле выдання Rzeczpospolita, незалежна ад прафесійнай катэгорыі і рэгіёну краіны, звольненыя з працы супрацоўнікі сёлета не павінны мець праблемаў з пошукам новага месца працаўладкавання.
«Гэта яскрава сведчыць аб тым, што асцярогі адносна пагаршэння сітуацыі на рынку працы з-за калектыўных звальненняў у буйных і сярэдніх кампаніях не пацвярджаюцца дадзенымі», — кажа намеснік дырэктара Польскага эканамічнага інстытута Анджэй Кубісяк.
Паводле экспертаў, на якіх спасылаецца газета, пераважная большасць кампаній даўно зразумела, што існуе недахоп супрацоўнікаў, а дэмаграфічныя змены дадаткова ўскладняюць сітуацыю. Таму кампаніі імкнуцца пазбягаць звальненняў. На скарачэнне працаўладкавання вырашаюцца толькі тыя кампаніі, у якіх павышэнне коштаў працы падарвала рэнтабэльнасць бізнесу.
У сваю чаргу галоўны эканаміст Grant Thornton Марцін Мровец лічыць, што невялікая колькасць планаваных звальненняў у параўнанні з планамі, датычнымі працаўладкавання можа сведчыць аб тым, што кампаніі ўжо рыхтуюцца да чаканага эканамічнага ажыўлення напрынакцы 2024 і пачатку 2025 гадоў.
Rzeczpospolita нагадвае, што акрамя ўнутранага спажывання, якое цяпер з'яўляецца галоўным рухавіком эканамічнага росту, польскі ВУП неўзабаве падтрымаюць сродкі з фондаў ЕС, а таксама цыклічнае ажыўленне ў Заходняй Еўропе, якое павялічыць попыт на паслугі і прадукты з Польшчы.
аз