Па ініцыятыве прэм’ера Дональда Туска ў чацвер у Вроцлаве адбываецца саміт па справе паводкі з удзелам старшыні Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен, прэм'ераў Чэхіі, Славакіі і канцлера Аўстрыі, паведамляе Rzeczpospolita. Паводле газеты, ліквідацыя шкодаў, нанесеных сёлетняй паводкай паглыне 0,5% ВУП.
Выбар горада Вроцлаў на месца сустрэчы лідараў невыпадковы. Менавіта адсюль польскі ўрад кіруе крызісам.
Газета адзначае, што Польшча патрабуе згоды Еўракамісіі на дыслакацыю сродкаў у рамках фондаў ЕС, што дало б магчымасць фінансавання найбольш тэрміновых інвестыцый, звязаных з ліквідацыяй наступстваў паводкі або рамонтам ці будаўніцтвам інфраструктуры абароны ад паводак.
Краіны, якія пацярпелыя ад стыхійнага бедства, могуць падаваць заяўкі на фінансаванне рэканструкцыі, выратавальных аперацыяў ці дапамогі насельніцтву з Фонду салідарнасці Еўрасаюза. Аванс можа складаць нават 100 мільёнаў еўра.
Прэм’ер Дональд Туск запэўнівае, што ўрад возьме на сябе выдаткі на дапамогу і аднаўленне пацярпелых ад паводкі рэгіёнаў. Колькі гэта будзе каштаваць? Паводле разлікаў эканамістаў, паводка 1997 года каштавала краіне 78–90 мільярдаў злотых (18 -21 мільярда еўра). У 2010 годзе кошт шкодаў дасягнуў 34–36 мільярдаў злотых (8-9 мільярдаў еўра), то бок, паводка з 1997 года нанесла страты прыкладна ў 2,4% ВУП, а з 2010 года – 0,9% ВУП.
«Уступна можна сказаць, што маштаб патэнцыйных шкодаў будзе меншы ў адносінах да ВУП, чым у 1997 годзе», – лічыць галоўная эканамістка Alior Bank Агата Філіповіч-Рыбіцка.
У адрозненне ад 1997 года, сёлета большая частка прамой дапамогі пацярпелым будзе аказана ў выглядзе беззваротнай падтрымкі. Дадаткова, большая частка выдаткаў на аднаўленне будзе паходзіць з фондаў ЕС.
«На мой погляд, выдаткі з бюджэту на ліквідацыю наступстваў сёлетняй паводкі складуць не больш за 0,5% ВУП», - ацэньвае эканаміст Santander Bank Polska Рафал Бэнэцкі. Ён дадае, што больш балючай можа быць страта бюджэтных даходаў.
Паводле цяперашніх ацэнак, дэфіцыт можа вырасці з 5,4 працэнта ВУП да 5,6–5,7 працэнта. На дзейнасць па прадухіленні і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў дагэтуль з бюджэту былі выдзелена 2 мільярды злотых (амаль 470 мільёнаў еўра). Дадаткова, у рэзерве, можна разлічваць на фонды ЕС.
аз