250 мільёнаў злотых (гэта больш за 58,5 мільёна еўра) падтрымкі плануюць выдзеліць улады польскім кампаніям, якія ўдзельнічаюць у аднаўленні Украіны.
Учора Міністэрства фондаў і рэгіянальнай палітыкі і Банк нацыянальнай гаспадаркі (поль. Bank Gospodarstwa Krajowego) падпісалі дамову аб падтрымцы польскіх прадпрымальнікаў, якія ўдзельнічаюць у гэтым працэсе.
Гэта пілотны фінансавы інструмент, у рамках якога польскія прадпрымальнікі, зацікаўленыя ва ўдзеле ў адбудове Украіны, змогуць атрымаць льготны крэдыт ад Банка нацыянальнай гаспадаркі, паведаміла падчас Кангрэсу адбудовы Украіны ў Познані віцэ-старшыня банка Марта Пастула(Marta Postuła):
- Гэта сур’ёзны крок з мэтай інтэрнацыяналізацыі, павышэння канкурэнтнасці і патэнцыялу польскіх кампаній. Бюджэт фінансавага інструмента, пра які ідзе гаворка, гэта больш за 250 мільёнаў злотых. Згаданыя сродкі будуць прызначаныя на льготныя крэдыты з мэтай рэалізацыі праектаў польскіх кампаніяў ва Украіне.
Як падкрэсліў намеснік кіраўніка Міністэрства фондаў і рэгіянальнай палітыкі Конрад Вайнароўскі (Konrad Wojnarowski), новы інструмент з’яўляецца адказам на рост зацікаўлення з боку польскіх кампаніяў, якія ўжо прысутнічаюць на ўкраінскім рынку, або плануюць на яго выйсці:
- Па-першае, гэта важнае для супрацы паміж польскімі і ўкраінскімі прадпрымальнікамі. Па-другое, гэта падтрымка развіцця польскіх кампаніяў таксама ў Польшчы – іх экспарту, інвестыцыяў, інавацый.
Як адзначыў віцэ-міністр Конрад Вайнароўскі, польскія прадпрымальнікі зацікаўленыя ва ўдзеле ў аднаўленні і мадэрнізацыі Украіны.
Паводле дадзеных Польскага агенцтва інвестыцыяў і гандлю, зараз гаворка ідзе пра больш за 3 тысячы кампаніяў.
IAR/аз