Беларуская Служба

Польскі ўрад рыхтуе моцны ўдар па Беларусі і Расіі. Такім чынам хоча абараніць айчынных вытворцаў

19.11.2024 12:51
Вытворцы штучных угнаенняў краін Еўрасаюза скардзяцца на нядобрасумленную канкурэнцыю на рынку з боку Беларусі і Расіі.
Аўдыё
  • У Еўропе пратэстуюць супраць гандлёвага пагаднення ЕС з краінамі Паўднёвай Амерыкі; Польскі ўрад рыхтуе моцны ўдар па Беларусі і Расіі - хоча абараніць айчынных вытворцаў; Pасце цікавасць да платформы BlueSky
 .  .
Калійныя ўгнаенні. Ілюстрацыйны здымак.фота: Pixabay.com/CatKosianok

«Польшча вядзе інтэнсіўныя перамовы з партнёрамі па ЕС наконт ​​абмежавання паступлення танных штучных угнаенняў з Беларусі і Расіі. Польшча хоча ўвядзення 30-40 працэнтнага мыта на імпарт угнаенняў з гэтых краін» — сказаў міністр дзяржаўнай маёмасці Якуб Явароўскі.

Вытворцы штучных угнаенняў у краінах Еўрасаюза ўжо шмат месяцаў скардзяцца на нядобрасумленную канкурэнцыю на рынку, выкліканую паступленнем вялікіх аб'ёмаў штучных угнаенняў з Беларусі і Расіі.

Штучныя ўгнаенні не падпадаюць пад санкцыі, якія былі ўведзеныя Еўракамісіяй супраць Расіі, пасля нападу на Украіну.

Расія не можа без абмежаванняў экспартаваць прыродны газ, таму канкуруе на знешніх рынках, выкарыстоўваючы дэмпінгавыя цэны іншых тавараў, паведамляe эканамічны польскі сайт wnp.pl.

— Калі мы хочам забяспечыць харчовую бяспеку, мы павінны паклапаціцца пра вытворцаў угнаенняў у ЕС, зазначыў міністр Явароўскі.

Увядзенне мыта было б вельмі важным крокам, які павысіў бы прыбытковасць польскіх вытворцаў угнаенняў, гэта значыць канцэрнаў Grupa Azoty ў Пулавах і Orlen Anwil Włocławek.

Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, за сем месяцаў гэтага году імпарт угнаенняў з Расіі ў Польшчу склаў больш за 720 тысяч тон, тады як за аналагічны перыяд мінулага года было імпартавана больш за 245 тысяч тон.

Імпарт угнаенняў з Беларусі на гэты момант перавысіў 185 тысяч тон, а годам раней у Польшчу паступіла 13 тысяч тон.

Нагадаем, у пачатку 2022 года было ўведзена эмбарга на ўгнаенні з Беларусі, якія змяшчаюць хлорысты калій. Потым імпарт стаў змяншацца, а з красавіка 2022 года гэтыя ўгнаенні ўвогуле не завозяць у Польшчу.

Аднак ужо некалькі месяцаў назіраецца рост імпарту азотных угнаенняў з Беларусі. Дадзеныя аналізу Міністэрства фінансаў паказваюць, што ў перыяд студзень-жнівень 2024 года імпарт вырас у 13 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года.

Больш за ўсё азотных угнаенняў з Беларусі ўвезена ў ліпені 2024 года — 44,4 тыс. тон, а чэрвень — 26 тысяч тон, паведаміў сайт topagrar.pl.

Польшча вядзе перамовы ў Бруселі на конт увядзення пошліны ў памеры 30-40% на штучныя ўгнаенні з Беларусі і Расіі.

яс

У дадатку эфірны выпуск эканамічнай перадачы

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі