Беларуская Служба

Нацбанк Польшчы правёў апытанне мігрантаў з Беларусі, як яны ўладкавалі сваё жыццё

26.11.2024 09:44
Нацыянальны польскі банк (NBP) апублікаваў даследаванне пад назвай «Жыццёвая і эканамічная сітуацыя мігрантаў з Беларусі ў Польшчы ў 2024 годзе».
Беларусы ў ПольшчыAgnieszka Kamińska, PR24

З даследавання вынікае, што асноўным фактарам, які спрыяў масавай міграцыі з Беларусі, была палітычная сітуацыя ў гэтай краіне. Эканамічныя аспекты занялі другое месца сярод прычын міграцыі.

У дакладзе адзначана, што мігранты з Беларусі з'яўляюцца людзьмі з добрай адукацыяй. Асобы ва ўзросце да 34 гадоў складаюць 50 працэнтаў апытаных. Амаль палова ўдзельнікаў даследавання знаходзіцца ў Польшчы разам з мужам ці жонкай.

«Асобы, якія маюць Карту паляка або польскае грамадзянства, складаюць 24 працэнты рэспандэнтаў. Галоўным адрозненнем іх ад іншых мігрантаў з Беларусі з'яўляецца лепшае валоданне польскай мовай, больш стабільны статус пражывання ў Польшчы і больш выгаднае становішча на польскім рынку працы», — адзначана ў дакладзе.

Паводле NBP, шанцы мігрантаў з Беларусі на добрае працаўладкаванне ў Польшчы залежаць ад часу прыезду і полу. Сярод апытаных прыкладна 16 працэнтаў былі беспрацоўнымі. Лепш за ўсё на польскім рынку працы справіліся асобы, якія прыехалі да 2019 года і добра валодаюць польскай мовай. У больш складанай сітуацыі апынуліся тыя, хто прыбыў у 2020–2021 гадах, а таксама жанчыны.

Рэспандэнты часцей за ўсё працавалі ў прамысловасці, транспарце, ІТ-сферы і будаўніцтве. У даследаванні адзначана, што міграцыя з Беларусі вылучаецца высокай доляй работнікаў у ІТ-сектары і людзей, якія адкрываюць уласны бізнес у Польшчы. Сярод працуючых рэспандэнтаў 13 працэнтаў былі звязаны з ІТ-сферай, прычым большасць з іх працавала на пастаяннай аснове.

«Эканамічная сітуацыя мігрантаў з Беларусі вельмі розная. Каля 16 працэнтаў рэспандэнтаў трацяць амаль увесь свой заробак на паўсядзённае жыццё, а 37 працэнтаў — палову або менш. Амаль 33 працэнты рэспандэнтаў перакладаюць фінансавыя сродкі ў Беларусь», — паведаміў NBP.

Акрамя таго, польскі цэнтральны банк адзначыў, што мігранты з Беларусі ў большасці выпадкаў звязваюць сваю будучыню з Польшчай.

«Амаль 79 працэнтаў ацэньваюць свой узровень задаволенасці жыццём у Польшчы як вельмі добры або добры, а 68 працэнтаў апытаных плануюць застацца ў Польшчы назаўсёды або больш чым на год», — гаворыцца ў даследаванні.

PAP/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі