Беларуская Служба

Тытунёвы сектар забяспечвае працай паўмільёна чалавек

03.12.2024 14:59
Да 2030 года цэны на цыгарэты ў Польшчы вырастуць амаль удвая.
Тытуньфота: Pixabay.com/Humusak

У Польшчы кошт унутранага рынку традыцыйных тытунёвых вырабаў за 2023 год склаў амаль 43 мільярды злотых (10 млрд еўра) - гаворыцца ў апошняй справаздачы, падрыхтаванай Цэнтрам сацыяльна-эканамічнага аналізу. Вынік перавышае вынік папярэдняй справаздачы за 2019 год, калі кошт унутранага рынку складаў менш за 29 мільярдаў злотых. Такое значнае павелічэнне звязана не толькі з ростам коштаў на тытунёвыя вырабы, але і з павелічэннем попыту.

Старшыня Цэнтру аналізу і суаўтар справаздачы Ян Хагэмэер кажа, што агулам тытунёвы сектар у Польшчы вырабляе прыкладна адзін працэнт ВУП.

— Адзін сектар самастойна не вырабляе такога ВУП, у гэта ўваходзіць цэлы ланцужок вытворчасці і дыстрыбуцыі, то бок вырошчванне тытуню і гандаль цыгарэтаў.

Старшыня Цэнтру аналізу падкрэслівае, што тытунёвы сектар таксама забяспечвае шмат працоўных месцаў. Летась у Польшчы з цыгарэтамі працавала амаль 560 тысяч чалавек.

— У 2023 годзе дакладна гэты сектар забяспечваў каля 30 тысяч працоўных ставак у эканоміцы, у тым ліку сельская гаспадарка. А калі паглядзець больш шырока і ўлічыць усіх, хто меў  дачыненне з гэтым сектарам, атрымаецца 560 тысяч чалавек, з якіх большасць працуе ў гандлі.

85 працэнтаў вырабленых у Польшчы цыгарэтаў ідзе на экспарт, у асноўным у краіны Еўрасаюза.

У справаздачы таксама ўлічваецца ўплыў падатковай палітыкі краіны на продаж тытунёвых вырабаў. На думку аўтараў дакладу, у сувязі з запланаванымі змяненнямі акцызаў, да 2030 года цэны на цыгарэты ў Польшчы вырастуць амаль удвая. Гэта прывядзе да значнага падзення попыту на тытунёвыя вырабы.

 У мінулым годзе паступленні ад акцызаў і ПДВ на тытунёвыя вырабы склалі амаль 40 мільярдаў злотых (9,3 млрд еўра), што дае 8 працэнтаў ад агульных падатковых паступленняў.

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі