Tesla захавала пазіцыю лідара на польскім рынку электрамабіляў у 2024 годзе, паведаміў Інстытут даследавання аўтамабільнага рынку Samar. Летась кампанія Ілона Маска прадала ў Польшчы найбольш поўнасцю электрычных аўтамабіляў (акумулятарных электрамабіляў – рэд.), дасягнуўшы долі ў 22,54% у гэтым сегменце.
Усяго ў 2024 годзе ў Польшчы было зарэгістравана 392 новыя аўтамабілі гэтай маркі, што складае на 8,62% менш у параўнанні з 2023 годам, калі ў Польшчы былі зарэгістраваныя 429 аўтамабіляў Tesla.
Другое месца заняла кампанія Mercedes - 278 зарэгістраваных новых электрамабіляў і гэта на 23% больш у параўнанні з 2023 годам. Доля канцэрна са Штутгарта склала амаль 16%.
Чарговыя месцы занялі BMW і Renault - адпаведна 166 і 160 зарэгістраваных новых аўтамабіляў. Аднак у той час, як баварская кампанія зафіксавала зніжэнне продажаў на 7,26%, французскі прадуцэнт дасягнуў рэзкага росту - больш чым на 171%.
У рэйтынгу самых папулярных мадэляў электрамабіляў у Польшчы першае месца заняла Tesla Y - 244 зарэгістраваныя новыя аўтамабілі ў 2024 годзе. Другое месца заняў электрамабіль Renault Megane - 150 аўтамабіляў, трэцяе - Tesla 3 - 145 зарэгістраваных аўтамабіляў, а чацвёртае месца заняла Dacia Spring - 99 зарэгістраваных новых электрамабіляў. У сваю чаргу самая папулярная электрычная мадэль Mercedes EQA заняла пятае месца з 95 рэгістрацыямі.
Усяго за мінулы год у Польшчы былі зарэгістраваныя 1 739 поўнасцю электрычных легкавых аўтамабіляў, паведамляе інстытут Samar.
Між тым, у адказ на апошнія заявы саўладальніка кампаніі Tesla Motors Ілона Маска, міністр спорту Славамір Нітрас заклікаў палякаў да «спажывецкага байкоту» амерыканскіх электрамабіляў. Нагадваем, выступаючы ў суботу на мітынгу «Альтэрнатывы для Германіі» (AfD) мільярдэр заявіў, што Германія «занадта шмат засяроджваецца на мінулых памылках». «Дзеці не павінны несці віну за грахі сваіх прабабуль і прадзедаў, і вельмі важна, каб людзі ў Германіі ганарыліся тым, што яны немцы», - сказаў дарадчык прэзідэнта Дональда Трампа на сустрэчы ў Гале.
Польскі міністр падкрэсліў, што такая заява «сведчыць пра Маска, а не пра немцаў» і з’яўляецца спробай «відавочнага ўмяшання ва ўнутраныя справы Германіі».
PAP/аз