Беларуская Служба

Адсутнасць цаны кватэры ў аб'яве аб продажы некарысная для пакупніка. Палітыкі цэнтрысцкай партыі прапануюць гэта памяняць

18.02.2025 13:01
Дэпутаты ад партыі «Польшча 2050» прапануюць абавязаць забудоўшчыкаў называць цану ў аб'явах аб продажы кватэраў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Jörg Möller/pixabay.com/CC0 Public Domain

Партыя «Польшча 2050» хоча абавязаць забудоўшчыкаў паказваць цэны на кватэры ў аб'явах аб продажы, размешчаных у інтэрнэце. У цяперашні час, каб даведацца, колькі каштуе такая нерухомасць, трэба адправіць запыт і ўказаць свае кантактныя дадзеныя.



Зараз да 80 працэнтаў аб'яваў аб продажы кватэраў на першасным рынку не ўказваюць цэнаў, што, на думку аўтараў праекта, ставіць кліентаў у пройгрышнае становішча падчас магчымых перамоваў.

Дэпутат ад партыі «Польшча 2050» Міраслаў Сухань(Mirosław Suchoń) сказаў, што вядзецца праца па ўдакладненні палажэнняў праекта:

- Гэта вельмі добрая ідэя, аўтарства партыі «Польшча 2050», якая павялічыць празрыстасць на рынку жылля. Мы абмяркоўваем ейную падтрымку з партнёрамі па кааліцыі – паказваем ейныя станоўчыя бакі.

Члены ўрадавай кааліцыі заяўляюць пра гатоўнасць працаваць над праектам. Прэс-сакратар «Грамадзянскай кааліцыі» Дарота Лабода(Dorota Łoboda) заявіла, што выступае за празрыстасць такой інфармацыі:

- Я наогул падтрымліваю празрыстасць, у тым ліку празрыстасць заробкаў, інфармацыю пра магчымыя заробкі ў прапановах працы… Таксама лічу, што ўсялякія аб’явы аб продажы павінны ўтрымліваць цану. Гэта было б справядлівае і празрыстае.

«Польшча 2050» прапануе накладаць фінансавыя штрафы на забудоўшчыкаў, якія не публікуюць цэнаў на кватэры ў аб’явах, размешчаных у інтэрнэце.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

У Польшчы - рэкорднае падзенне цэн на другасным рынку жытла

17.02.2025 16:32
Сярод 17 найбуйнейшых гарадоў Польшчы зніжэнне цаны больш чым на 5% зафіксавалі ў Шчэціне (на 7,2%) і Лодзі (на 5,4%). Нязначныя зніжэння былі зафіксаваныя яшчэ ў пяці іншых гарадах.