Беларуская Служба

Польскія кампаніі адстаюць ва ўкараненні штучнага інтэлекту

18.02.2025 14:01
Доля польскіх кампаніяў, якія выкарыстоўваюць штучны інтэлект, другая з канца ў ЕС - аналітыкі Credit Agricole.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Brian Penny/pixabay.com/CC0 Public Domain

Паводле звестак Еўрастата, доля кампаніяў, якія выкарыстоўваюць тэхналогію штучнага інтэлекту (ШІ) у Польшчы, друга з канца ў ЕС, гэта вынікае са справаздачы групы эканамічнага аналізу банка Credit Agricole. Ратуюць сітуацыю буйныя польскія кампаніі, якія ў гэтай галіне апярэджваюць буйныя кампаніі з такіх краінаў, як Францыя і Італія.



Эксперты адзначылі, што нізкую пазіцыю ў рэйтынгу займаюць таксама іншыя краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Міжземнамор'я, а Скандынаўскія краіны і краіны Бенілюкса - высокую.

«Разрыў ва ўкараненні штучнага інтэлекту паміж кампаніямі ў Польшчы і ў заможных краінах Еўрасаюза, сведчыць аб даволі буйным нявыкарыстаным патэнцыяле прадукцыйнасці ў польскіх кампаніях», - адзначаюць аналітыкі Credit Agricole.

Між тым, паводле іх, сярод краін ЕС існуе выразная залежнасць паміж выкарыстаннем ШІ і ўзроўнем ВУП на душу насельніцтва. Больш высокі ўзровень ВУП азначае, з аднаго боку, большую даступнасць капіталу, а з другога - большыя выгады ад зніжэння выдаткаў на працоўную сілу.

Як адзначаюць аналітыкі, сярод польскіх кампаніяў буйныя прадпрыемствы маюць васьміразовую перавагу ва ўкараненні тэхналогіі штучнага інтэлекту перад малымі кампаніямі.

Таксама буйныя і малыя кампаніі выкарыстоўваюць ШІ ў іншых сферах - у невялікіх кампаніях ён дамінуе ў маркетынгу, а ў буйных - у вытворчасці, лагістыцы, адміністраванні, фінансах і кібербяспецы.

Буйныя кампаніі таксама гатовыя рабіць большыя інвестыцыі, каб атрымаць рашэнні, якія больш адпавядаюць іх патрэбам, і значна часцей вырашаюць распрацоўваць іх самастойна або плаціць за гэта спецыялістам.

PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі