Больш за 132 мільёны злотых плануюць выдзеліць улады Варшавы на рашырэнне і рамонт комплекса былых расійскіх будынкаў, які палякі называюць «Шпегова» (поль. Szpiegowo) ад слова «шпіён» (поль. szpieg). Маёмасць будзе выкарыстоўвацца ў жылых мэтах, паведамляе старонка Onet.pl.
«Спачатку трэба падрыхтаваць праектную дакументацыю, неабходную для атрымання дазволу на будаўніцтва. На чарзе — правядзенне комплекснага рамонту. Дадаткова плануецца пабудаваць новы будынак з боку вуліцы Сабескага», - кажа прэс-сакратар варшаўскай мэрыі Моніка Бэут (Monika Beuth). Паводле яе, неўзабаве павінен быць падпісаны натарыяльны акт дарэння нерухомай маёмасці. Неабходныя згоды ёсць. Трэба яшчэ аформіць фармальнасці. Верагодна, гэта адбудзецца ў сярэдзіне красавіка.
У канцы студзеня прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі і мазавецкі ваявода Марыюш Франкоўскі падпісалі пагадненне аб фармальнай перадачы «Шпегова» сталіцы і планаванай капітальнай рэканструкцыі.
Узамен сталічныя ўладу абавязаліся прадаставіць супрацоўнікам паліцыі 40 кватэр.
«Я вельмі рады, што замест пуцінскага, злачыннага рэжыму, гэты будынак нарэшце зможа служыць жыхарам Варшавы, таму што гэта своеасаблівы сімвал», - казаў тады Рафал Тшаскоўскі.
Нагадваем, комплекс будынкаў на вуліцы Сабескага 100 у Варшаве, дзе шмат гадоў таму жылі савецкія дыпламаты, быў пераняты ад Расійскай Федэрацыі 11 красавіка 2022 года. Палякі называюць яго «Шпегова» з-за паведамленняў, што там спыняліся савецкія шпіёны і супрацоўнікі КДБ.
Гэты закрыты комплекс быў вельмі зручным. Яго жыхары маглі карыстацца, між іншым: кінатэатрам, бібліятэкай, цырульняй, трэнажорнай залай, а нават начным клубам.
Афіцыйна савецкія дыпламаты з'ехалі адтуль у 1989 годзе, але польскім уладам маёмасці не вярнулі. На працягу многіх гадоў урад і ўлады Варшавы спрабавалі завалодаць комплексам. Справа дайшла да суда. У 2016 годзе быў вынесены прысуд, які загадаў Расіі вярнуць аб'ект у сувязі з тым, што ён не выкарыстоўваўся па прызначэнні, якім павінны быць дыпламатычныя мэты. За пазадамоўнае карыстанне нерухомасцю суд абавязаў Расію выплаціць прыкладна 7 мільёнаў злотых. Аднак улады ў Маскве не рэагавалі на чарговыя заклікі польскага боку. У выніку, маёмасць перайшла ў распараджэнне судовага выканаўцы, які дзейнічаў ад імя сталічнага горада Варшавы.
У красавіку 2022 года было прынята рашэнне аб тым, што ён будзе прызначаны для ўкраінскіх ваенных бежанцаў. Тагачасны амбасадар Украіны ў Польшчы Андрэй Дзешчыца таксама прапаноўваў арганізаваць тут, між іншым, Дом культуры, дзіцячы садок або школу. Аднак, калі службы зайшлі на тэрыторыю комплексу, аказалася, што ён настолькі знішчаны, што так хутка ўвесці яго ў эксплуатацыю немагчыма.
Адсутнасць будаўнічай дакументацыі, кепскі тэхнічны стан, занадта вузкія лесвіцы, якія не адпавядаюць ніякім стандартам, адсутнасць каналізацыі, электрычнасці, ацяплення - вось толькі некаторыя з праблем, з якімі сутыкнуліся каманды будаўнічых, якія пачалі рамонт «Шпегова».
Канчаткова ўдалося знайсці аднаго з праекціроўшчыкаў комплекса, які павінен быў дапамагчы ўзнавіць дакументацыю аб'екта, каб потым яго можна было рамантаваць.
У мінулым годзе планы сталічных уладаў адносна «Шпегова» змяніліся. Віцэ-прэзідэнт Варшавы Томаш Братэк тады паведаміў, што тут будуць пасяляцца прадстаўнікі патрэбных у Варшаве прафесій, напрыклад, паліцыянты, настаўнікі іг.д. Было вырашана, што галоўны будынак комплекса не будзе знесены. Экспертыза паказала, што яго можна грунтоўна рамантаваць. Затое будуць знесеныя два меншыя будынкі з боку вуліцы Сабескага, а на іх месцы пабудаваныя новыя шматпавярховыя дамы.
аз