Беларуская Служба

Спецыяліст па рынку працы расказаў, колькі ў Польшчы зарабляюць працаўнікі з далёкіх краін. Гэта шмат

13.03.2025 19:03
У Польшчы працаўладкавана каля 30 тыс. грамадзян Калумбіі і Філіпін. Прычына — не хапае беларусаў і ўкраінцаў.
500
500 польскіх злотыхкрыніца: Narodowy Bank Polski

У Польшчы афіцыйна працаўладкавана каля 30 тыс. грамадзян Калумбіі і Філіпін, паведамляе партал Wp.pl са спасылкай на Дзяржаўны фонд сацыяльнага страхавання. Міхал Салецкі, старшыня праўлення Worksol Group, якая наймае замежнікаў на працу ў Польшчы, гаворыць, што супрацоўнікі з Азіі і Паўднёвай Амерыкі пазітыўна ацэньваюцца працадаўцамі. 

Тэндэнцыя прымаць на працу іншаземцаў з далёкіх краін з’явілася ў 2019 годзе, калі аказалася, што беларусаў і ўкраінцаў не хапае на рынку. Праблема з кадрамі дадаткова з’явілася ў 2022 годзе пасля пачатку вайны. Для ўкраінцаў многія краіны адкрылі свае межы, таму яны, карыстаючя нагодай, выехалі з Польшчы. Праўда, аказалася, што праз нейкі час частка ўкраінцаў хацела вярнуцца назад, бо, нягледзячы на тое, што заробкі на Захадзе большыя, то аднак там даражэйшае жыццё. У суме атрымлівалася, што ў Польшчы з меншымі заробкамі і меншымі коштамі жыцця больш выгадна працаваць, чым у заходніх краінах. Але, паводле Міхала Салецкага, цяпер працадаўцы не будуць звальняць супрацоўнікаў з Лацінскай Амерыкі альбо Азіі, каб прыняць назад на працу ўкраінцаў, бо працаўнікі з экзатычных краін добра сябе заракамендавалі. 

Прычым заробкі ў іх таксама прыстойныя. Так, паводле спецыяліста, пры выкананні 100% нормы заробак складае 5 тыс. злотых «на рукі» (1 тыс. 190 еўра), а пры 200% нормы заробак павялічваецца ў два разы — да 10 тыс. злотых «на рукі» (2 тыс. 380 еўра). Прычым веданне мовы не абавязковае, бо лацінаамерыканцы і азіяты працуюць у галінах, якія не патрабуюць высокіх кваліфікацый.

вс