Падчас Еўрапейскага форуму новых ідэй прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск адзначыў, што Польшча, Еўропа і ўвесь свет апынуліся ў сітуацыі, у якой выжыве, пераможа і дасягне поспеху толькі той, хто зробіць правільныя высновы з ходу падзей.
«Эпоха наіўнай глабалізацыі заканчваецца. Калі мы хочам дасягнуць эканамічнага поспеху, пабудаваць бяспечную дзяржаву, мы павінны выразна сказаць сабе і іншым, што Польшча не будзе наіўным партнёрам у гэтай усё больш бязлітаснай канкурэнцыі эгаістаў на сусветных рынках і франтах вайны. Польскія кампаніі не будуць у нявыгадным становішчы ў канкурэнцыі з міжнароднымі гігантамі», — падкрэсліў Туск.
— Свет нас сёння вучыць бязлітасна, мусім рабіць з гэтага высновы. Капітал мае нацыянальнасць, гаспадарка мае нацыянальнасць, менеджар прадпрыемства, які кіруе, ці кіруе сумесна з дзяржаваю, мае нацыянальнасць. Нашы інтарэсы бела-чырвонага колеру. Калі нехта назаве гэта эканамічным нацыяналізмам, калі ласка — не маю з гэтым праблем!
«Прыйшоў час аднавіць нацыянальную эканоміку, рэпаланізаваць польскую эканоміку, рынак і капітал», — заявіў ён. Кіраўнік урада абвясціў, што запатрабаваў строгай справаздачнасці пра ўсе заказы, «асабліва вялікія», і ўсе інвестыцыі ў тым ліку падкантрольныя або ініцыяваныя непасрэдна дзяржавай. У справаздачах таксама будзе пазначана, «як рэалізуецца палітыка перавагі польскага капіталу і польскага прадпрымальніцтва». Ён дадаў, што 53 мільярды злотых ад інвестыцый у першую атамную электрастанцыю павінны атрымаць польскія кампаніі.
Дэпутат ад левых Томаш Трэля, каментуючы заяву прэм’ера, сказаў, што падзяляе гэтую пазіцыю:
— Мне падабаюцца гэтыя словы, бачу перамены ў поглядах прэм’ера, калі гаварыць пра прадпрымальніцтва, прамысловасць, шмат іншых аспектаў гаспадаркі. Гэта мне вельмі блізка.
Рэпаланізацыя эканомікі — гэта крок у правільным кірунку і прыстасаванне да тэндэнцый на сусветных рынках. Так пракаментаваў дэпутат ад Грамадзянскай кааліцыі Марыюш Вітчак заяву прэм'ер-міністра аб тым, што ўрад будзе займацца падтрымкай польскіх кампаній:
— Мы на дарозе да росту гаспадаркі, калі будзем думаць пра дэталі. Рост гаспадаркі Польшчы і месца краіны на міжнароднай арэне ў вялікай ступені будзе залежаць ад клопату пра дробныя моманты. Чым больш мы інвестуем грошай ад Еўрасаюза ў польскую гаспадарку, прадпрыемствы, капітал, тым больш мы зможам вярнуць, і тым больш стабільныя варункі будуць для развіцця эканомікі.
Але ёсць і занепакоенасць, як на практыцы гэта ўсё будзе выглядаць. «Гэта поўны разварот», — кажа эканаміст Казімеж Крупа:
— Цяпер дамінуе капітал з нашага боку. Можам сабе ўявіць інвестараў, якія б хацелі ўкласці грошы ў прадпрыемствы з удзелам дзяржавы. Бо, як сказаў прэм’ер, не будзем цяпер працаваць згодна з кодэксам акцыйных таварыстваў, па сутнасці. Гэта мяне прымушае задумацца і непакоіць у высокай ступені.
«Не можа быць і размовы пра нацыяналізацыю»
Агучаны прэм'ерам крок неабходны, але не мусіць ісці размова пра рэнацыяналізацыю, заявіла міністр фінансаў і рэгіянальнай палітыкі Катажына Пэлчыньска-Налэнч.
«Рэпаланізацыя азначае больш Польшчы ў польскай эканоміцы. Гэта азначае больш капіталу, заказаў і падтрымкі, накіраваных на айчынныя кампаніі. Сёння гэта неабходна. Аднак рэпаланізацыя не можа азначаць рэнацыяналізацыю», — выказалася Катажына Пэлчыньска-Налэнч.
Яна дадала, што прыйшоў час адмяніць «непатрэбнае пашырэнне дзяржаўнай прысутнасці» ў нестратэгічных сферах. Міністр таксама дадала, што рэпаланізацыя не мусіць азначаць наступ на польскі прыватны капітал, бо менавіта ён павінен быць галоўным драйверам развіцця. На яе думку, зрабіць гэта можна ў першую чаргу за кошт павелічэння доступу да капіталу з боку банкаў.
Сярод дзесяці найбуйнейшых кампаній Польшчы няма ніводнай з дамінуючым польскім прыватным капіталам. «Каб дзяржаўныя арганізацыі лепш «працаваі для грамадзян», неабходна зрабіць больш прафесійным іх кіраванне, гэта значыць «дэкаланізаваць» праўленне і назіральныя саветы», — мяркуе міністр фінансаў і рэгіянальнай палітыкі.
Падобную думку выказаў і спікер Сейму Шымон Галоўня, ён падкрэсліў, што не можа быць і размовы пра нацыяналізацыю, умацоўваць трэба польскі прыватны капітал.
IAR/вх