Беларуская Служба

Дэбаты аб эканоміцы і магчымых напрамках развіцця краін — у Варшаве праходзіць саміт «Трох мораў»

29.04.2025 15:05
Абмеркаванні пытанняў бяспекі і эканомікі на самым высокім узроўні — у Варшаве праходзіць юбілейны саміт, прысвечаны 10-й гадавіне Ініцыятывы «Трох мораў» (Trójmorze).
     ()     .
Прэзідэнт Рэспублікі Польшча Анджэй Дуда (справа) і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.PAP/Radek Pietruszka

Сёння ў Варшаве праходзіць дзесяты юбілейны саміт Ініцыятывы «Трох мораў». У ім удзельнічаюць прадстаўнікі 23 краін, сярод удзельнікаў — дзяржаўны сакратар ЗША па пытаннях энергетыкі Крыс Райт. Абмеркаванні пачаліся з эканамічнага форуму.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, падсумоўваючы дзесяць гадоў ініцыятывы, сказаў, што мы сталі сведкамі фарміравання бачання для ўсяго рэгіёна:

— Нашы краіны сталі больш напорыстымі, больш упэўненымі ў сабе і лепш падрыхтаванымі да вызначэння нашых агульных інтарэсаў. Мы не толькі зразумелі, што сувязь паміж Поўначчу і Поўднем гэтак жа важная, як і сувязь паміж Усходам і Захадам, але наша супрацоўніцтва таксама прывяло да развіцця інфраструктурных сувязей. Гэтае перакананне яшчэ больш умацавалася пасля ўварвання Расіі ва Украіну.

Фармат ініцыятывы «Трох мораў» быў створаны роўна 10 гадоў таму па ініцыятыве прэзідэнтаў Польшчы і Харватыі.

Ініцыятыва «Трох мораў» аб’ядноўвае 13 краін: Аўстрыю, Балгарыю, Харватыю, Чэхію, Эстонію, Грэцыю, Латвію, Літву, Польшчу, Румынію, Славакію, Славенію і Венгрыю. Украіна і Малдова маюць статус асацыяваных краін. Стратэгічнымі партнёрамі Ініцыятывы з'яўляюцца: Злучаныя Штаты, Японія, Еўрапейская камісія і Германія.

 

Доктар Магдалена Баран, сацыёлаг з Ягелонскага ўніверсітэта, мяркуе, што ініцыятыва «Трох мораў» — гэта праект, які павінен спрыяць больш хуткаму развіццю краін нашага рэгіёну Еўропы, але адсутнасць удзелу ўсіх краін перашкаджае гэтаму развіццю.

Я думаю, што мэта пастаўленая вельмі высокая. Быў створаны інвестыцыйны фонд, у які Польшча ўнесла шмат — 750 мільёнаў еўра. А частка краін, такія як Аўстрыя, Чэхія – не заплацілі ніводнага цэнта. Пытаннне: наколькі палітыка звязаная, добра праведзеная, а наколькі гэтая палітыка праводзілася ў супрацьвагу да плаітыкі еўрапейскай, — кажа Магдалена Баран.

Дэбаты аб эканоміцы і магчымых напрамках эканамічнага развіцця краін, якія ўтвараюць фармат «Трох мораў», адбываюцца на саміце ў аўторак.

Сярод запрошаных гасцей — генеральныя дырэктары найбуйнейшых польскіх ваенных кампаній. Мацей Рынгвельскі, прэзідэнт Ваенна-марской верфі, якая належыць да Польскай групы ўзбраенняў, заявіў Польскаму радыё, што гэта добрая магчымасць прадэманстраваць прадукцыю кампаніі.  

— Не падманваем сябе, але глядзім у бок Літвы, Латвіі, Эстоніі, якія могуць быць патэнцыйным пакупніком шукальніка мін. А Швецыя і Фінляндыя зацікаўленыя ў польскіх  выратавальных караблях, што ёсць добрай перспектывай, — кажа Мацей Рынгвельскі.

У дзелавой сустрэчы таксама прыняў удзел прэзідэнт WB Electronics, найбуйнейшай кампаніі па вытворчасці камерцыйнай зброі, вядомай вытворчасцю радыёстанцый і беспілотных сістэм.

Прэзідэнт WB Electronics Пётр Вайцяхоўскі адзначыў для WB Electronics гэта магчымасць прадставіць сваю прапанову па ўзбраенні.

— Супрацоўніцтва ў гэтай сферы, маюцца на ўвазе дзяржавы ўсходняга флангу НАТА, вельмі важнае. І мы рэкламуем нашу прадукцыю ў гэтых краінах — і на поўначы, і на поўдні.

Падчас саміту да ініцыятывы «Трох мораў» далучацца Чарнагорыя і Албанія.

Прэзідэнт Анджэй Дуда падчас эканамічнай сустрэчы выказаў меркаванне, што гэта добры знак для ініцыятывы:

— Я лічу, што дзякуючы новым удзельнікам супрацоўніцтва ў гэтым фармаце стане больш значным і плённым, а саміт у Польшчы ўмацуе сувязі паміж удзельнікамі і партнёрамі Ініцыятывы.

Іспанія і Турцыя стануць новымі стратэгічнымі партнёрамі ініцыятывы «Трох мораў».

Мэта групы «Трох мораў» — гэта ў асноўным супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі, транспарту і лічбавых тэхналогій.

У спісе больш за 140 прыярытэтных праектаў.

iar/вх