Беларуская Служба

Беларусы апынуліся ў групе іншаземцаў, якія купляюць найбольш кватэраў у Польшчы

02.05.2025 12:30
Замежнікі найчасцей купляюць кватэры (таксама оптам) за наяўныя грошы - без крэдытаў.
Варшаваjackmac34/pixabay.com/CC0 Public Domain

Іншаземцы купляюць у Польшчы ўсё больш кватэраў. У мінулым годзе была заключана рэкордная колькасць такіх здзелак - 17 330. Годам раней іх было больш за 14 тысяч, паведамляе Rzeczpospolita.

Замежнікі найбольш ахвотна куплялі кватэры ў буйных гарадах Польшчы, такіх як Варшава (3 535), Кракаў (1 523) і Вроцлаў (1 491).

У 2023 годзе кватэры, набытыя іншаземцамі складалі 6% ад усіх прададзеных на рынку нерухомасці.

«Улічваючы факт, што ў 2024 годзе продажы кватэраў у Польшчы знізіліся, доля замежных пакупнікоў магла перавысіць 10 працэнтаў», – кажа ў размове з выданнем галоўны аналітык парталу Tabelaofert Nieruchomości Эва Палюс.

Варшава – найбольш папулярны рынaк нерухомасці сярод іншаземцаў

«Беручы пад увагу плошчу нерухомасці, найбольш памяшканняў (жылых і камерцыйных) замежнікі купілі ў Мазавецкім (508 133,89 кв. м), Ніжнесілезскім (216 377,70 кв. м) і Малапольскім (123 837,27 кв. м) ваяводствах. Аналізы дадзеных за апошнія гады паказваюць, што Варшава, безумоўна, з'яўляецца горадам, дзе замежнікі найбольш ахвотна купляюць нерухомую маёмасць», - паведамілі газеце ў Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі.

Паводле статыстычных дадзеных, найбольш кватэраў, сярэдняй плошчай у больш за 58 квадратных метраў, набылі ўкраінцы, а таксама беларусы, расіяне, індыйцы, брытанцы і в'етнамцы.

Замежнікі часцей за ўсё купляюць кватэры за наяўныя грошы

«Замежнікі часцей за ўсё купляюць кватэры для інвестыцый, у новых жылых раёнах. Яны хочуць на гэтым зарабіць, бо Польшча - гэта рынак, які развіваецца і арыентаваны на будучыню. Хаця ёсць і вялікая група іншаземцаў, якія хочуць тут пасяліцца і вырашаюць купіць сабе кватэру», — паясняе Патрык П'ета з агенцтва нерухомасці Hamilton May.

Замежныя інвестары часцей за ўсё купляюць кватэры (таксама оптам) за наяўныя грошы, без крэдытаў.

«Яны (украінцы – рэд.) лічаць, што Варшава танная, бо ў Кіеве было даражэй, асабліва да вайны. Тым больш, што ваенныя ўцекачы з Украіны, якія прыехалі ў Польшчу пасля 24 лютага 2022 года - гэта ў асноўным прадстаўнікі сярэдняга класа з добрым фінансавым становішчам», — паясняе эксперт.

аз

Забудоўшчыкі ў Польшчы актывізуюцца. Прапанова расце, а рынак стабілізуецца

28.04.2025 12:27
У цяперашні час на рынку даступна амаль 230 тыс. кватэр, што з'яўляецца рэкордным узроўнем прапановы.