Іспанія і Марока разглядаюць будаўніцтва падводнага тунэлю, які злучыць два кантыненты. Праект прадугледжвае стварэнне двух чыгуначных ліній, што злучаць поўдзень Іспаніі з поўначчу Марока, з мэтай паглыблення эканамічнай і інфраструктурнай інтэграцыі паміж краінамі, чытаем на партале money.pl.
Агульная даўжыня тунэлю можа скласці 38,5 км, з якіх 27,7 км пройдуць пад водамі Міжземнага мора. У якасці іспанскага ўваходу ў тунэль разглядаюцца два варыянты: порт Алхесірас, які мае стратэгічнае значэнне і развітую чыгуначную інфраструктуру, і ўзбярэжжа Андалусіі каля Тарыфы — самага паўднёвага горада Еўропы.
Хоць канчатковы кошт праекта пакуль не вызначаны, папярэднія ацэнкі вар'іруюцца ад 6 да 15 мільярдаў еўра. Для параўнання: тунэль пад Ла-Маншам, які злучае Францыю з Вялікабрытаніяй, мае даўжыню 50 км і быў пабудаваны за 5 мільярдаў фунтаў усяго за шэсць гадоў і адкрыты ў 1994 годзе.
эж