Беларуская Служба

IT-галіна Польшчы пад ціскам: расце запазычанасць, адбываюцца звальненні, а штучны інтэлект замяняе праграмістаў

21.05.2025 16:07
На канец 2024 года IT-сфера мела пратэрмінаваных запазычанасцяў на 75 млн еўра, што амаль на 20% больш, чым пазалетась.
   7300         .
На сёння каля 7300 польскіх кампаній у галіне лічбавай эканомікі маюць нявыплачаныя запазычанасці.shutterstock/Gorodenkoff

У сераду газета Rzeczpospolita піша, што ў сферы інфармацыйных тэхналогій імкліва павялічваюцца даўгі як саміх IT-кампаній, так і іх кліентаў. Адначасова рынак працы скарачаецца — праграмістаў усё часцей замяняе штучны інтэлект. Раней разрознены сектар вымушаны рухацца ў бок кансалідацыі, адзначае выданне.

Польскі IT-сектар апынуўся на раздарожжы. Кампаніі, што доўгі час асацыяваліся з інавацыямі і дынамічным ростам, цяпер скарачаюць персанал і змяншаюць бюджэты на развіццё.

Рост запазычанасці руйнуе бізнес. Паводле апошніх дадзеных Нацыянальнага рэестра даўгоў (KRD), на канец 2024 года IT-сфера мела пратэрмінаваных запазычанасцяў больш як на 317 мільёнаў злотых (каля 75 млн еўра), што амаль на 20% больш, чым пазалетась.

На сёння каля 7300 польскіх кампаній у галіне лічбавай эканомікі маюць нявыплачаныя запазычанасці. Гэта на 5% больш, чым у аналагічны перыяд мінулага года, паведаміў страшыня праўлення KRD Адам Лонцкі (Adam Łącki).

Асабліва ў складаным становішчы апынуліся індывідуальныя прадпрымальнікі: яны мусяць вярнуць 122 мільёны злотых, у той час як таварыствы з абмежаванай адказнасцю і іншыя формы кампаній — 195 мільёнаў.

«Галіна IT, якая раней лічылася фінансава стабільнай, страчвае давер. Прычынамі могуць быць зніжэнне колькасці заказаў на ўнутраным рынку, рост выдаткаў на аперацыі і персанал, а таксама павелічэнне тэрмінаў аплаты па кантрактах. Сектар вельмі раздробнены, таму мы чакаем хуткага працэсу кансалідацыі — буйныя кампаніі будуць паглынаць меншых гульцоў», — прагназуе Лонцкі.

эж