Атамная электрастанцыя ў Пакшы (цэнтральная частка Венгрыі) знізіла вытворчасць электраэнергіі на 160 мегават з-за збою ў сістэме кантролю абсталявання. Пра гэта паведаміла адміністрацыя станцыі на афіцыйным сайце ў панядзелак, 2 чэрвеня. Пра надзвычайную сітуацыю піша польскі партал energetyka24.com.
Аварыйная сітуацыя закранула чацвёрты энергаблок. На месца інцыдэнту накіравалі групу спецыялістаў, якія працуюць над ліквідацыяй праблемы. Паводле спецыялізаванага венгерскага партала Portfolio, інцыдэнт не пагражае энергетычнай бяспецы краіны, бо пачынаючы з раніцы значна ўзрасла вытворчасць сонечнай энергіі, што цяпер стварае лішак на нацыянальным рынку электраэнергіі.
Папярэдні падобны збой быў 24 красавіка, калі на трэцім энергаблоку адбылася страта магутнасці ў 110 мегават з-за паломкі механічнага абсталявання.
Электрастанцыя ў Пакшы — адзіная АЭС у Венгрыі. Яна мае чатыры энергаблокі агульнай магутнасцю 2000 мегават, якія забяспечваюць больш за 40% унутранага попыту на электраэнергію. Яны ўведзены ў эксплуатацыю ў сярэдзіне 1980-х, іх планавалі закрыць у 2030-х гадах, але ўрад Венгрыі мае намер працягнуць эксплуатацыю яшчэ на 20 гадоў.
Тым часам расійскі канцэрн «Росатам» вядзе ў Венгрыі будаўніцтва яшчэ двух блокаў магутнасцю 1200 мегават кожны. Гэта стратэгічны праект урада Віктара Орбана. Агульны кошт інвестыцыі ацэньваецца ў 12 мільярдаў еўра, з якіх 80% фінансуецца за кошт расійскага крэдыту.
эж