Польшча мае права працягваць будаўніцтва кантэйнернага порта ў Свінавуйсці. Адміністрацыйны суд адхіліў апеляцыю, пададзеную экалагічнымі арганізацыямі з Польшчы і Германіі, супраць экалагічнага дазволу на гэтую інвестыцыю.
Галоўны эканаміст PKO Bank Polski Пётр Буяк (Piotr Bujak) падкрэслівае, што маштабныя інвестыцыі ў інфраструктуру стымулююць эканамічнае развіццё ўсёй краіны.
— Інвестыцыі ў інфраструктуру, асабліва там, дзе яна ў Польшчы яшчэ недастаткова развітая — гэта вельмі важна. У прыватнасці, калі гаворка ідзе пра задавальненне патрэб, звязаных з хуткім ростам знешняга гандлю. У нашым выпадку гэта інвестыцыі ў порт і ў чыгуначныя перавозкі. Гэтыя інвестыцыі ў бліжэйшыя гады могуць прынесці значны станоўчы эфект у выглядзе дадатковага эканамічнага росту.
Пётр Буяк дадаў, што пашырэнне інфраструктуры азначае таксама рост эканамічнай значнасці краіны і адчувальныя фінансавыя даходы.
— Пашырэнне партоў дазваляе значна павялічыць паток тавараў праз Польшчу, што азначае дадатковыя даходы ў дзяржаўны бюджэт ад мытаў, паколькі тавары з-за межаў ЕС, у асноўным, імпартуюцца морам, і абкладаюцца рознымі пошлінамі і іншымі зборамі.
Кантэйнерны порт у Свінавуйсці — адна з найбуйнейшых інвестыцый у гісторыі польскай марской эканомікі. Ён дазволіць прымаць найбуйнейшыя трансакіянскія судны, якія заходзяць у Балтыйскае мора. Прыблізны кошт інвестыцыі перавышае 10 мільярдаў злотых (2 мільярды 300 мільёнаў еўра).
IAR/яс
Слухайце Пульс польскай эканомікі ў далучаным файле