За апошнія дзесяць гадоў імпарт кітайскіх аўтамабіляў і агрэгатаў у Польшчу вырас на 57,1 %. Гэта больш, чым у Германіі, Чэхіі ці Венгрыі, паведамляе Puls Biznesu.
Тэрмін «кітайскі шок» з’явіўся ў 2013 годзе дзякуючы даследаванню эканаміста Дэвіда Аўтора. Ён апісаў, як уступленне Кітая ў Сусветную гандлёвую арганізацыю ў 2001 годзе каштавала ЗША каля двух мільёнаў працоўных месцаў і прывяло да стагнацыі заробкаў у найбольш уразлівых прамысловых галінах.
Цяпер, як адзначаюць аналітыкі, назіраецца «кітайскі шок 2.0», які найперш б’е па еўрапейскіх прамысловых рынках. Наймацней рост імпарту з Кітая адбіўся ў сегменце транспартных сродкаў, машын і абсталявання: у 2015–2024 гг. — +57,1 % у Польшчы, +44,5 % у Чэхіі, +34,3 % у Германіі і +22 % у Венгрыі. Пры гэтым асноўны скачок прыпаў на 2019–2021 гг., у разгар пандэміі.
Хаця з 2021 года аб’ёмы паставак з Кітая скараціліся, эксперты прагназуюць хуткае аднаўленне росту — перадусім з-за амерыканскіх мыт, якія перанакіроўваюць кітайскі экспарт у Еўропу.
Аднак для Польшчы наступствы выглядаюць мякчэйшымі, чым для суседзяў. Канкурэнцыя з Кітаем асабліва моцна б’е па аўтамабільнай прамысловасці і вытворчасці машын — сектарах, што маюць вырашальнае значэнне для Германіі, Чэхіі і Венгрыі. Польская ж эканоміка, паводле Puls Biznesu, больш устойлівая дзякуючы разнастайнай структуры вытворчасці, экспарту і занятасці.
З 2015 года вытворчасць у польскім перапрацоўчым сектары вырасла на 12,2 %. Гэта і робіць краіну менш уразлівай да сектаральных шокаў, якія паралізуюць іншых.
эж