Беларуская Служба

Абвешчаны тэндарны план будаўніцтва Цэнтральнага камунікацыйнага порта ў Польшчы

09.09.2025 12:05
Амаль 100 тэндараў плануе аб'явіць кампанія «Цэнтральны камунікацыйны порт» у 2026 – 2028 гадах.
Аўдыё
  • Паслухайце перадачу «Пульс эканомікі»
-
Віцэ-старшыня кампаніі «Цэнтральны камунікацыйны порт» Дарыюш Кусьfacebook.com/projektCPK

З 2026 па 2028 гады кампанія «Цэнтральны камунікацыйны порт» абʼявіць амаль 100 тэндараў. Толькі ў 2026 годзе іх ацэначны кошт дасягне прыблізна 40 мільярдаў злотых (амаль 9,5 мільярда еўра).

Паводле віцэ-старшыні кампаніі Дарыюша Куся (Dariusz Kuś), патрэбныя падрадчыкі, якія, сярод іншага, падрыхтуюць пляцоўку для будаўніцтва тэрмінала:

- Гэта маштабны праект, які прадугледжвае выраўнанне тэрыторыі для інвестыцыі, асобна ў паўднёвай і паўночнай частках. Будуць вырашаны пытанні, звязаныя з рознымі сістэмамі аэрапорта, у тым ліку асвятленнем, навігацыяй, сістэмамі бяспекі і сістэмамі кіравання.

У гэтым годзе кампанія абʼявіць тэндары на суму 30 мільярдаў злотых (больш за 7 мільярдаў еўра). Ужо абвешчаны тэндар на будаўніцтва чыгуначнага падʼезда коштам у 200 мільёнаў злотых (больш за 47 мільёнаў еўра). Да канца гэтага года будзе абвешчаны тэндар на будаўніцтва тунэлю пад аэрапортам – інвестыцыі коштам прыблізна ў 5 мільярдаў злотых (больш за мільярд 179 мільёнаў еўра).

Намеснік міністра інфраструктуры Мацей Лясек (Maciej Lasek) абвясціў, што перавага будзе аддадзена польскім кампаніям:

- Мы хочам, каб будаўніцтва Цэнтральнага камунікацыйнага порта (CPK), які ўключае аэрапорт і сетку хуткасных чыгунак, забяспечыла польскім кампаніям моцныя пазіцыі і гарантавала, што гэтыя кампаніі стануць вядучымі гульцамі на еўрапейскім рынку ў будучыні.

Чакаецца, што будаўніцтва Цэнтральнага камунікацыйнага порта, у тым ліку аэрапорта і чыгуначнага вузла, будзе каштаваць больш за 130 мільярдаў злотых (амаль 30 мільярдаў 700 мільёнаў еўра). Адкрыццё аэрапорта запланавана на 2032 год.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

Нядаўна мадэрнізаваны аэрапорт Варшава-Радам не рэалізуе свайго патэнцыялу

12.08.2025 15:38
У ліпені аэрапорт, які можа абслугоўваць 1,5 мільёна пасажыраў, абслужыў пасажырапаток, які складаў крыху больш за 18 тысяч чалавек.