Беларуская Служба

ЕС паскарае адмову ад расійскага газу. Уводзяцца жорсткія абмежаванні на імпарт

24.12.2025 17:32
Новаўвядзенні накіраваныя на абарону энергетычнай бяспекі ЕС ад выкарыстання паставак газу Расіяй у якасці палітычнай зброі.
«Газпрам»Shutterstock.com/BalkansCat

Еўрапейскі Парламент узмацніў курс на поўную адмову ад расійскіх энергарэсурсаў. Дэпутаты падтрымалі больш жорсткія рэгуляцыі, якія прадугледжваюць паскораную забарону імпарту расійскага трубаправоднага газу і звадкаванага прыроднага газу (LNG). Дадаткова Еўрапейская Камісія абвясціла пра намер увесці поўную забарону на імпарт расійскай нафты з 2027 года, чытаем на партале energetyka24.com.

Як падкрэсліваецца ў афіцыйным паведамленні, новаўвядзенні накіраваныя на абарону энергетычнай бяспекі ЕС ад выкарыстання паставак газу Расіяй у якасці палітычнай зброі. Рэгламент, які ўвойдзе ў сілу на пачатку 2026 года, забараняе закуп расійскага LNG на спотавым рынку, а з 30 верасня 2027 года пачне дзейнічаць поўная забарона на імпарт расійскага газу па трубаправодах. Гэта дасць магчымасць завяршыць дзеючыя кантракты і гарантаваць бяспеку паставак на зіму 2027/2028 гадоў.

План прадугледжвае выразныя пераходныя перыяды для каротка- і доўгатэрміновых кантрактаў, а таксама абавязвае ўсе дзяржавы — члены ЕС да 1 сакавіка 2026 года прадставіць у Еўракамісію нацыянальныя планы дыверсіфікацыі паставак. За парушэнне правілаў будуць дзейнічаць уніфікаваныя  штрафы: для кампаній — да 3,5 % гадавога абароту або да 40  млн еўра, для фізічных асоб — не менш за 2,5 млн еўра.

Асобныя выключэнні прадугледжаны для ўнутракантынентальных краін, у тым ліку Венгрыі і Славакіі, аднак толькі да канца верасня 2027 года і выключна ў межах кароткатэрміновых кантрактаў. Фактычна гэта прымушае іх у бліжэйшыя два гады перабудаваць ланцужкі паставак.

Акрамя газу, Еўрапарламент настойвае і на поўнай адмове ад расійскай нафты, падкрэсліваючы, што энергетычная залежнасць ад Масквы ўяўляе прамую пагрозу бяспецы ЕС. Новыя рашэнні ператвараюць палітычныя заявы ў абавязковае да выкананне еўрапейскае права і лічацца сур’ёзнай геапалітычнай пагрозай Крамля.

эж