Беларуская Служба

Ці можа Польшча стаць газавым хабам? Эксперт: рэальна — да канца дзесяцігоддзя

29.12.2025 09:53
Газаправод Baltic Pipe зімой выкарыстоўваецца практычна на 100 %, а ў сярэднім за год — на 80–90 %.
Здымак мае ілюстрацыйны характарShutterstock/Kingtony

Польшча як рэгіянальны газавы хаб, такое бачанне зноў вяртаецца ў парадак дня на фоне адмовы Еўрапейскага Саюза ад расійскіх энергарэсурсаў. Краіны Цэнтральнай Еўропы, якія не маюць выхаду да мора, усё больш зацікаўленыя ў альтэрнатыўных шляхах паставак, чытаем на партале biznesalert.pl. На думку экспертаў, Польшча мае рэальныя шанцы заняць ключавую ролю ў рэгіёне, аднак вырашальнымі стануць новыя інфраструктурныя праекты.

Як тлумачыць Томаш Улодэк з Кракаўскай горна-металургічнай акадэміі, сёння галоўным абмежаваннем застаецца прапускная здольнасць пунктаў уваходу газу ў польскую транспартную сістэму. Напрыклад, праз Польшчу ва Украіну ў 2025 годзе перапампавана каля 2 млрд м³ прыроднага газу. Аднак у дні максімальнага ўнутранага спажывання экспартны патэнцыял істотна зніжаецца.

Тэрмінал LNG у Свінауйсьці зараз працуе на ўзроўні больш за 90 % магутнасці, што з’яўляецца адным з самых высокіх паказчыкаў у Еўропе. Газаправод Baltic Pipe зімой выкарыстоўваецца практычна на 100 %, а ў сярэднім за год — на 80–90 %. Пэўны рэзерв існуе праз ямальскі напрамак, аднак ён патрабуе транзіту праз Германію.

Сапраўдным «змяненнем правілаў гульні» можа стаць плывучы тэрмінал FSRU у Гданьскай затоцы. FSRU (англ. Floating Storage Regasification Unit) — гэта судна, прыстасаванае для прыёму, тэхналагічнага захоўвання і рэгазіфікацыі звадкаванага прыроднага газу (LNG). Яно пастаянна швартуецца каля спецыяльнага прычала, што дазваляе прымаць рэгазіфікаванае паліва і перадаваць яго непасрэдна ў газатранспартную сетку. Першая ўстаноўка, запуск якой запланаваны на 2027–2028 гады, забяспечыць каля 6 млрд м³ газу штогод. Другая адзінка, з магутнасцю прыкладна 4 млрд м³, можа канчаткова замацаваць статус Польшчы як газавага хаба. 

Важным элементам застаецца і транспартная інфраструктура. Газавы калідор «поўнач–поўдзень» амаль завершаны, а будаўніцтва газаправода Уронаў–Страхаціна (Wronów-Strachocina) на паўднёвым усходзе Польшчы працягваецца. Слабым звяном пакуль застаецца адсутнасць магутнага злучэння з Чэхіяй (праект Stork II).

Эксперты таксама падкрэсліваюць неабходнасць пашырэння газасховішчаў, асабліва з улікам росту попыту і рызык зімовых пікаў спажывання. Пры выкананні гэтых умоў Польшча сапраўды можа стаць ключавым газавым вузлом рэгіёна ўжо да канца дзесяцігоддзя, перакананы Томаш Улодэк.

эж