Польскія цэнтры занятасці апынуліся ў складанай сітуацыі: колькасць прапаноў працы ў іх рэзка скарацілася і дасягнула мінімуму за апошнія два дзесяцігоддзі. Паводле звестак Бюро інвестыцый і эканамічных цыклаў (BIEC), у лістападзе 2025 года ў павятовых службах занятасці было зарэгістравана на 60% менш вакансій, чым за аналагічны перыяд мінулага года, паведамляе gazeta.pl.
Цягам лістапада спад таксама аказаўся істотным — колькасць вакансій знізілася больш як на 30% у параўнанні з кастрычнікам. У выніку агульны ўзровень вакансій наблізіўся да ўзроўню пачатку 2000-х гадоў, калі рынак працы знаходзіўся ў значна горшым стане, чым сёння.
Эксперты адзначаюць, што зніжэнне колькасці вакансій у цэнтрах занятасці па ўсёй Польшчы адлюстроўвае слабейшы попыт з боку працадаўцаў. Гэтая тэндэнцыя захоўваецца ўжо некалькі гадоў і пакуль не дэманструе прыкмет змен. Нягледзячы на гэта, агульная колькасць беспрацоўных, якія рэгіструюцца ў службах занятасці, застаецца адносна стабільнай і ў лістападзе была на ўзроўні 5,6%.
Пры гэтым усё больш беспрацоўных знаходзяць працу па-за афіцыйнымі каналамі працаўладкавання. Колькасць людзей, якія здымаюцца з уліку ў цэнтрах занятасці ў сувязі з працаўладкаваннем, перавышае колькасць новых вакансій, што паступаюць у гэтыя ўстановы. Гэта можа сведчыць пра змену паводзін як працадаўцаў, так і тых, хто шукае працу, якія ўсё часцей абыходзяць дзяржаўныя структуры.
Аналітыкі папярэджваюць, што без ажыўлення попыту на працу роля цэнтраў занятасці ў рэгуляванні рынку можа і далей змяншацца.
эж