Беларуская Служба

Airbus збіраецца пастаўляць транспартныя самалёты Войску Польскаму 

08.01.2026 14:23
Канцэрн прапанаваў Міністэрству абароны Польшчы пастаўку ад 10 да 14 самалётаў A400M Atlas разам з навучальным і сэрвісным пакетам. 
  A400M Atlas
Транспартны самалёт A400M AtlasФота: https://www.airbus.com

Еўрапейскі авіябудаўнічы канцэрн Airbus пасля перамогі ў чэрвеньскім тэндары на пастаўку цывільных самалётаў для Польскіх нацыянальных авіяліній LOT выходзіць з новай прапановай — ужо для Узброеных Сіл Польшчы. Як паведамляе Puls Biznesu, кампанія прапануе польскаму войску транспартныя самалёты A400M Atlas, а таксама лятаючыя запраўшчыкі A330 MRTT, дапаўняючы прапанову шырокім пакетам супрацоўніцтва з польскім абаронным прамысловым сектарам.

Войска Польскае плануе мадэрнізаваць сваю транспартную авіяцыю, замяніўшы амерыканскія C-130 Hercules і іспанскія самалёты Casa новымі машынамі. У конкурсе ўдзельнічаюць два асноўныя гульцы: бразільскі Embraer з транспартнікам KC-390 Millennium і Airbus з A400M.

Кіраўнік праграмы A400M у Airbus Defence and Space Герд Вебер, якога цытуе выданне, паведаміў, што канцэрн прапанаваў Міністэрству нацыянальнай абароны Польшчы пастаўку ад 10 да 14 самалётаў A400M Atlas разам з навучальным і сэрвісным пакетам. У выпадку прыняцця гэтай прапановы першыя машыны маглі б паступіць на ўзбраенне Войска Польскага ўжо на пачатку 2028 года.

A400M — гэта еўрапейскі кааперацыйны праект: асноўныя элементы самалёта вырабляюцца ў Германіі, Францыі, Іспаніі, Вялікабрытаніі, Бельгіі і Турцыі. Пры гэтым элементы абшыўкі фюзеляжа ствараюцца на заводзе Airbus Poland у Варшаве, на аэрадроме Акенце.

Паводле слоў Вебера, выбар прапановы Airbus прывёў бы да пашырэння кампетэнцый варшаўскага прадпрыемства і ўключэння ў вытворчы ланцужок іншых польскіх заводаў — у Непаломіцах, Калішы і Жэшуве, якія пакуль супрацоўнічаюць з канцэрнам выключна ў сферы цывільнай авіяцыі.

эж